Кніга нашага земляка

Люди

IMG_6665 (Small)У серыі «Бібліятэка часопіса “Маладосць”» выйшла кніга Уладзіміра Мажылоўскага “Праклён мітрапаліта Феафіла”, складзеная з трох гістарычных аповесцей.
Кнiжка як кнiжка, аповесцi, як аповесцi. Нешта тут, праўда, не так…
Пачынаеш чытаць, як войска вялiкага князя маскоўскага Дзмiтрыя б’ецца з татарамi i як сам Дзмiтрый, узрушаны пахам смерцi, iмкнецца ў гушчу падзей, як адчайна i люта ён распраўляецца з ворагамi — сячэ, сячэ, сячэ, з кожным выдыхам высякаючы з сябе старадаўнi, вякамi ўкаранёны страх, — як раптам: «Уставай, соня!.. Уставай, інакш спознішся на працу!» Якая праца, думаеш. Старонкi пераблыталiся цi што?
«Якая праца, сёння ж субота!» — быццам сам сюжэт пагаджаецца з тваiмi думкамi. Цi гэта жарт? «У цябе факультатыў у дзявятым класе», — чытаеш далей, яшчэ не забыўшыся нi пра вялiкага маскоўскага князя, нi пра крываногага ваяра Хазі-бея, нi на яго тоўстага «калегу» Хаш-бека, нi на ўскудлачанага збройнiка Цiмоху.
Дзясяты дзень месяца жніўня 1378 года быў пахмурным, як пiсалася некалькiмi старонкамi раней, i ты не можаш уцямiць, пры чым тут факультатыў. А гэта проста «Спiраль гiсторыi» — аповесць Уладзiмiра Мажылоўскага, адна з трох, што ўвайшлi ў гэту кнiгу. Пiсьменнiк закручвае свае сюжэты ў такiя тугiя спружыны i яны «выстрэльваюць» з такой неймавернай саманадзейнасцю трапiць у сэрца чытача, без таго ўжо захопленага ў палон гiстарычнага дэтэктыва, што… саманадзейнасць спружыны апраўдваецца.

Святлана Дзянісава,
галоўны рэдактар
літаратурна-мастацкага
часопіса “Маладосць”.