Са старажытных часоў прафесія “пекар” апрыёры мела на ўвазе высокае майстэрства і адухаўленне. Хлебапячэнне з’яўляецца такім жа мастацтвам, як, напрыклад, жывапіс ці скульптура. Менавіта так лічыць і пекар ІV разраду мясцовага хлебазавода Таццяна Станевіч.
Жаданне ствараць мучныя шэдэўры нарадзілася ў яе з самага дзяцінства. Асноўным кулінарным сакрэтам дзяўчынка вучылася ў сваёй бабулі і матулі. Хоць родам з Казахстана, але гады сталення прайшлі ў літоўскім Снечкусе, а азы кандытарскай справы вывучала ў адпаведным вучылішчы ў Даўгаўпілсе. Таму разнастайная геаграфія жыцця, шматнацыянальная сям’я далі магчымасць Таццяне спазнаць і асвоіць рэцэпты розных кухань.
Пасля вучылішча сваё майстэрства ўдасканальвала ў кандытарскім цэху Даўгаўпілса. А ў латышскіх кандытараў сапраўды было чаму павучыцца, бо яшчэ ў савецкія часы іх прысмакі заўсёды адрозніваліся арыгінальнасцю і высокай якасцю.
Замужжа зноў унесла свае карэктывы ў месцажыхарства і прывяло Таццяну на беларускую зямлю ў агр. Ахрэмаўцы. Спачатку жанчына працавала ў браслаўскім кандытарскім цэху, і вось амаль 10 гадоў шчыруе на мясцовым хлебазаводзе на хлебабулачнай лініі.
Працуе толькі ў начны час, бывае, што змена прыпадае і на святы, якія даводзіцца сустракаць на рабочым месцы.
— Спачатку было вельмі цяжка, а зараз ужо прывыкла да такога рытму, хоць і стамляешся напрыканцы змены, — кажа жанчына.
На змене ў яе падначаленні пяць чалавек. Сочыць пекар і за вырабленнем хлеба, завіхаецца і каля трох пячэй — двух хлебабулачных і адной подавай. А справа гэта вельмі адказная — трэба не правароніць растойку, каб яна падышла да патрэбнага аб’ёму, своечасова выцягнуць боханы з печы, каб яны не патрэскаліся.
Адным словам, які хлеб трапіць на прылаўкі магазінаў, у многім залежыць ад Т. Станевіч. Спраўнасць абсталявання, аптымальны рэжым пячэй — таксама яе турбота.
З падначаленымі Таццяна Уладзіміраўна імкнецца падтрымліваць роўныя адносіны. Па характары чалавек спакойны і добразычлівы, але за работу можа спытаць строга. Нават, калі цеста падыходзіць, не дазваляе гучна размаўляць. Да хлеба нельга ставіцца неахайна, лічыць майстар-пекар, а каб атрымаўся ён якасным і прыносіў радасць людзям, трэба адносіцца да яго з душой.
Нягледзячы на хатнія клопаты, Таццяна любіць парадаваць сваіх родных смачнай дамашняй выпечкай, а паколькі яна ведае шмат сакрэтаў пякарскай справы, гэта атрымліваецца ў яе выдатна.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.