Цікавае падарожжа

Главное

IMG_1556 (Small)У бібліятэках нашага раёна працуюць сапраўдныя і нястомныя спецыялісты, якія не толькі пастаянна ўдасканальваюць прафесійныя веды, а і актыўна пашыраюць свой кругагляд. І дзякуючы цікаваму пазнавальнаму праекту “Пашыраем прафесійныя гарызонты”, які ўжо другі год дзейнічае у цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме раёна, бібліятэкары з задавальненнем падарожнічаюць па знакамітых мясцінах нашага краю, вобласці і рэспублікі.
У юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бібліятэкары ў кастрычніку выправіліся ў падарожжа па мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Экскурсія пачалася з наведвання мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, якому ў гэтым годзе споўнілася 45 гадоў. Амаль кожны беларус ведае гэтую назву. Многія не аднойчы пабывалі тут. Але заўсёды, калі падыходзіш да велічнага манумента, бачыш жудасныя лічбы, сэрца сціскаецца ад болю і не магчыма стрымаць слёз.
Пасля экскурсіі па асноўных аб’ектах комплексу бібліятэкары наведалі фотадакументальную экспазіцыю, пакінулі запіс у кнізе водгукаў наведвальнікаў. Затым рушылі ў сталіцу — у новы Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Усе тут былі ўпершыню, таму і ўражанні ахапілі амаль аднолькавыя — зацікаўленасць, захапленне, здзіўленне, глыбокая пашана і гонар.
У 10 залах у храналагічным парадку прадстаўлены асноўныя эпізоды другой сусветнай вайны. Вельмі ўразілі тэматычныя інсталяцыі, дыярамы, ваенная тэхніка і выявы людзей ў натуральную велічыню, шматлікія электронныя спецэфекты. А зала Перамогі — пік захаплення. Як сімвал міру, стылізаваныя промні сонца імкнуцца ўвышыню, адусюль ідзе нейкі дзіўны патаемны свет і пранікае ў душу.
Эмацыянальна ўзрушаныя бібліятэкары падзівіліся на прыгожыя слуцкія паясы і японскія гравюры ў Нацыянальным мастацкім музеі, якому ў лістападзе споўнілася 75 гадоў. Напрыканцы падарожжа палюбаваліся агнямі вячэрняй сталіцы.
Паездка атрымалася вельмі запамінальнай і цікавай, а яшчэ адносна таннай, дзякуючы фінансавай падтрымцы абласнога прафсаюза работнікаў культуры. Дапамог нам і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, які выдзеліў транспарт.
Падарожнічайце па сваёй краіне!

Ірына Макарэвіч,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу.
Каля будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.