Яго сфера – аўтапарк

Деньги

IMG_6414 (Small)Пасада загадчыка аўтагаража даўно знікла з кадравага рэестра сельгаспрадпрыемстваў раёна. Засталася яна да гэтага часу толькі ў СВК “Маяк Браслаўскі”. І займае яе Антон Варнэль, чалавек, які ў ліку шасці лепшых прадстаўнікоў раёна атрымлівае сёлета да прафесійнага свята Ганаровую грамату райвыканкама.
Яшчэ вучнем восьмага класа Антон мог упэўнена вадзіць трактар. З дзяцінства адрозніваўся ад сваіх равеснікаў цягай да тэхнікі. Калі вясковыя хлопцы ганялі мячык, ён спяшаўся пасля школы да бацькі, які працаваў у калгасе механізатарам, і мог да позняга вечара праездзіць з ім па палях.
Хоць і вучыўся нядрэнна, але пайшоў у Відзаўскае прафтэхвучылішча. Хацелася хутчэй пайсці на свой хлеб. Пасля заканчэння ПТВ і службы ў арміі вярнуўся ў родную гаспадарку.
Спачатку вазіў на аўтамабілі тагачаснага кіраўніка гаспадаркі Веру Кароль. А затым прапанавалі перайсці на пасаду загадчыка гаража. Згадзіўся і ніколькі не шкадуе. Цяпер у падпарадкаванні Антона Варналя каля 80 адзінак рознай тэхнікі – грузавыя, легкавыя, спецыяльныя аўтамабілі. Калі ўлічыць, што многія з іх часта ездзяць не толькі па раёне, але і далёка за яго межамі, то ад загадчыка гаража патрабуецца штодзённы пільны кантроль за іх тэхнічным станам. А ўвогуле ў яго абавязкі ўваходзяць кантроль за спраўнасцю ўсіх аўтамабіляў, іх бяспечным выпускам на лінію, забеспячэннем запчасткамі, своечасовасцю тэхагляду. Ён для сваіх падначаленых амаль што інжынер, хоць сам па службовых абавязках падпарадкоўваецца ў першую чаргу галоўнаму інжынеру Івану Шпаку. Паміж спецыялістамі склаліся шчырыя адносіны, бо абодва ведаюць, што робяць адну справу і адзін аднаго не падвядуць.
Антон Варнэль, акрамя таго, што сапраўды прафесіянал, добры гаспадар, надзейны муж, клапатлівы бацька. Разам з жонкай Людмілай, якая працуе бухгалтарам у СВК “Маяк Браслаўскі”, выгадавалі дзвюх дачок. Старэйшая Ірына пайшла па маміных слядах і стала бухгалтарам, а малодшая Вольга па-бацькоўскіх. Яна ў Віцебскім агратэхсэрвісе інжынер па ахове працы. З задавальненнем водзіць аўтамабіль і разбіраецца ў яго канструкцыі не горш за мужчын.
Антон Варнэль любіць сваю работу і цалка аддаецца ёй. Разумее, што ў час пасяўной, корманарыхтоўкі, жніва і не надае сям’і належнай увагі, але заўсёды ўпэўнены ў гэтым надзейным тыле. А калі ў сям’і лад і згода, то і на працы ўсё спорыцца.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.