На мінулым тыдні мабільная група ў складзе галоўнага дзяржаўнага інспектара працы Глыбоцкага міжраённага аддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Уладзіміра Плешака, намесніка пракурора раёна Сяргея Галімбоўскага, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларысы Лапко і карэспандэнта раённай газеты Вячаслава Каладынскага правяла абследаванне будаўнічага аб’екта “58-кватэрны жылы дом ЖБСК №10 у г. Браславе”. Будаўніцтва вядзе падрадная арганізацыя ДКУБП “Шаркаўшчынская ПМК-68”.
У ходзе мерапрыемства выяўлены сур’ёзныя парушэнні правілаў аховы працы. Так, малярныя работы ажыццяўляліся на вышыні з выкарыстаннем падмосткаў, паднятых аўтакранам; маляры працавалі без касак і засцерагальных паясоў; пры рабоце з рэжучым інструментам рабочыя не выкарыстоўвалі ахоўныя акуляры; увогуле большасць работнікаў на будпляцоўцы не прымянялі сродкі індывідуальнай аховы.
Мабільная група рэкамендавала падрадчыку спыніць работы на вышыні, якія не адпавядалі патрабаванням тэхнікі бяспекі, а таксама ліквідаваць выяўленыя парушэнні.
Выяўленныя парушэнні знаходзяцца на кантролі раённай камісіі па ахове працы і будуць разгледжаны на чарговым яе пасяджэнні.
Ларыса Лапко,
галоўны спецыяліст
упраўлення па працы, занятасці і
сацыяльнай абароне райвыканкама.