Даніна памяці

Главное

IMG_4252 (Small)Гісторыя нашай дзяржавы знамянальная многімі датамі і падзеямі. Адна з іх — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён стаў вельмі значным у лёсе краіны, і яго нельга проста закрэсліць ці забыць. Магчыма, сёння і не кожны ўспомніць, чым гэты дзень важны ў гістарычным плане. Але ў людзей старшага пакалення, безумоўна, не сцерлася з памяці адзіная і вялікая краіна, народжаная выстралам крэйсера “Аўрора”. Для многіх з іх па-ранейшаму гэта свята вернасці прынцыпам сваёй маладосці, калі яны ажыццяўлялі ідэі роўнасці і справядлівасці, час яскравых успамінаў пра сваё юнацтва.
Па традыцыі прадстаўнікі мясцовай ўлады, сілавых структур раёна, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый і школьнікі сабраліся напярэдадні 7 кастрычніка ў актавай зале СШ № 2, каб аддаць даніну памяці некалі маштабнаму святу.
Ганаровае права ўскласці вянок да помніка У.І. Леніну прадаставілі старшыні раённага савета ветэранаў Івану Цялежнікаву, раённаму ваеннаму камісару Віталю Грамніцкаму, намесніку начальніка па ідэалагічнай рабоце і прафесійна-пасаднай падрыхтоўцы пагранічнага паста “Урбаны” Паўлу Мішчанку і вучаніцы 10 класа гімназіі, члену БРСМ Вользе Савіцкай.
Затым на невялікай сцэне школы, дзякуючы выдатнай ігры артыстаў народнага тэатра РДК пад кіраўніцтвам рэжысёра Яўгена Набеева, перад гледачамі разгарнулася сапраўдная трагедыя адной сям’і. Дзеянне п’есы беларускага драматурга Георгія Марчука “Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі” перанесла нас у далёкія савецкія часы, тым не менш праблема, закранутая ў пастаноўцы, вельмі актуальная і сёння. Вось ужо больш за 20 гадоў галоўны герой моцна сябруе з зялёным змеем. У выніку чаго ён губляе сям’ю, сяброў і ўласнае імя. Але па ходу развіцця сюжэта Сцяпан пераадольвае цяжкасці і становіцца на шлях выпраўлення.
Глыбокі псіхалагізм твора, праўда жыцця, абвастрэнне трагедыйных пачуццяў і, безумоўна, самаадданая, высокага ўзроўню ігра браслаўскіх артыстаў трымалі гледача ўвесь час у напружанні, а маналогі Сцяпана ў выкананні Яўгена Набеева, закраналі да глыбіні душы і прабіралі да дрыжыкаў. Да таго ж касцюмы і грым галоўных герояў вельмі рэальна адлюстроўвалі іх фізічны і псіхалагічны стан, час дзеяння п’есы. Сапраўды была бачна трывалая і грунтоўная падрыхтоўка нашых артыстаў.
Адно засмучае — адсутнасць прафесійнай сцэны. Але і ў такіх абставінах акцёры вылажыліся, як кажуць, па поўнай, а браслаўчане з задавальненнем прагледзелі цікавую п’есу.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.