Падыходзіць да справы адказна

Новости

IMG_8608 (Small)Анастасія Крукава з дня свайго нараджэння жыла ў вёсцы і добра ведала ўсе складанасці сялянскага жыцця. Плошчы, адведзеныя пад агароды, хатняя жыўнасць, якую трымалі бацькі заўсёды ўражвалі сваёй велічынёй, але не пужалі дзяўчыну. Працы яна ніколі не цуралася. Заўсёды старалася дапамагчы бацькам па гаспадарцы. Тым больш, што тыя ад цямна да цямна працавалі ў калгасе. Бацька Насці быў старшынёй СВК “Мяжаны”. Бывала, што яшчэ маленькай браў дачку з сабой на працу, разам наведваліся на палі і фермы.
Калі дзяўчына заканчвала школу, была ўпэўнена, што звяжа сваё далейшае жыццё і будучую прафесію з сельскай гаспадаркай. Хоць добра ведала, што “лёгкага хлеба” там няма.
Паступіла ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Потым па размеркаванні трапіла працаваць на Браслаўшчыну, а дакладней у СВК “Альшанка”. Вось там і сустрэлася яна з першымі цяжкасцямі. Свае яшчэ няўпэўненыя крокі ў прафесію ветурача, як прызналася Анастасія, рабіла з падтрымкай Леаніда Лук’янскага, які ўжо даўно працаваў у гаспадарцы ветфельчарам і добра ведаў гэтую справу.
– Выдатна, калі на першых кроках у прафесіі сустракаюцца такія людзі, як Леанід, якія заўсёды дапамогуць, падкажуць, навучаць, – казала Насця. – Веданне тэорыі – гэта заўсёды добра, але на практыцы бывае па-рознаму і ў некаторых выпадках без вопыту ніяк. У гэтым я ўпэўнілася.
Вясной бягучага года Анастасія Крукава памяняла гаспадарку і пераводам апынулася ў ААТ “Аграсэрвіс”.
– Калі ўпершыню сустрэлася ў “Аграсэрвісе” са сваімі “падапечнымі”, — расказвае Насця, — прыйшла ў жах. Пасля цяжкай зімоўкі мала сказаць, што каровы былі вельмі худымі, яны ледзь трымаліся на нагах. Бо ў той год у гаспадарцы было мала кармоў. А калі арганізм у жывёлы слабы, слабы і імунітэт, а адсюль і хваробы, і непрадукцыйнае выбыццё жывёлы. Не сорамна сказаць, што тады мяне гэтая сітуацыя напалохала. Аднак усё закончылася добра. Летам каровы ад’еліся на палях, і асаблівых клопатаў не было.
На сённяшні дзень Анастасія Крукава адказвае за 1257 галоў дойнага статка і амаль столькі ж маладняку. Кожную раніцу яна спяшаецца да сваіх падапечных праверыць, ці ўсё ў парадку са здароўем.
– Лячэнне, правядзенне штодзённых аглядаў, прафілактычная работа. Карацей кажучы, мая непасрэдная задача ў тым, каб жывёла ў гаспадарцы была здаровая. Але, – прызнаецца, – без такіх памочнікаў, як тэхнік-асемянатар Юрый Бука ды ветфельчар Вячаслаў Янковіч, было б працаваць вельмі складана. У ветэрынарыі часта патрабуецца мужчынская сіла.
На маё пытанне, што больш за ўсё падабаецца ў працы ўрача, Анастасія адказала:
— Прыемна, калі заходзіш на ферму і бачыш, што жывёла папраўляецца. Радасна на душы і калі разумееш, што гэта ты дапамог нарадзіцца на свет маленькаму цяляці. Мне вельмі падабаецца даглядаць жывёлу, назіраць за яе ростам.
Анастасія падыходзіць да справы адказна, зацікаўлена, уважліва і з любоўю. Так яе вучылі ў акадэміі, так ёй падказвае сумленне.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.