Восеньскія канікулы ў Кансталінскай школе прайшлі вельмі цікава і карысна. Але найбольш, бадай, запомнілася экскурсія ў дзяржаўную прыродаахоўную установу “Браслаў-Рычы”, якую мы чакалі з нецярпеннем.
У пагодны дзянёк наша група ў складзе 18 вучняў і 2 настаўнікаў прыбыла ў Мяжаны, дзе нас гасцінна сустрэў дырэктар установы Аляксандр Молакаў.
Спачатку нам паказалі цікавую прэзентацыю пра гэты гідралагічны заказнік, праглядзелі мы і шмат фотаздымкаў. А потым пачалося самае захапляльнае: наша група прайшла па адным з экалагічных маршрутаў. Нават падчас такой непрацяглай вандроўкі мы ўбачылі шмат цікавага. Аляксандр Васільевіч расказаў нам пра расліны і жывёлы, якія занесены у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, пра азёры, астравы і “чортавыя дарогі”. Пасля пешай прагулкі мы адпачылі на добраўпарадкаванай стаянцы, дзе створаны ўсё неабходныя ўмовы для адпачынку.
На ўлонні прыроды супрацоўнікі заказніка арганізавалі для нас перасоўную выставу фотаздымкаў, пачаставалі фітачаем для ўмацавання імуннай сістэмы. Калі падсілкаваліся, нашы хлопцы з энтузіязмам прынялі ўдзел у замацаванні кармушак для птушак. Тут жа прайшоў і ўрок экалогіі: як правільна зрабіць і надзейна прымацаваць кармушкі без дапамогі цвікоў і пры гэтым не параніць дрэва.
З задавальненнем хлопцы і дзяўчаты прайшлі па “мастку закаханых”. Аляксандр Васільевіч паведаміў, што апошнім часам маладыя часта наведваюць менавіта гэтае месца, а таксама карыстаюцца рамантычнай паслугай заказніка — вандроўкай на вясельнай лодцы.
Заказнік “Рычы” — гэта яшчэ і месца пахавання героя Савецкага Саюза А.М. Жданава. З вялікай пашанай школьнікі схілі галовы на яго магіле і аддалі даніну павагі абаронцу нашага краю.
Усё ў заказніку створана для прыемнага адпачынку. Калі ты рыбак, можаш вудзіць рыбу. Але, на мой погляд, заказнік — рай для фотапаляўнічых. І гэта бачна нават па тых фотаздымках, якія зрабілі падчас экскурсіі мае сябры.
Расказаць пра ўсё, што мы ўбачылі, немагчыма. Адно можна сцвярджаць дакладна: кожны, хто наведае заказнік, знойдзе тут для сябе шмат цікавага і захапляльнага.
Інэса Вайтанец,
вучаніца 9 класа Кансталінскай БШ.