Дастойна прэзентуюць нашу глыбінку

Главное

У Борисовича ВитебскНа мінулым тыдні падведзены вынікі пятага конкурсу “Лепшая аграэкасядзіба 2013 года Віцебскай вобласці”. На юбілейны конкурс паступіла каля 30 заявак ад суб’ектаў агараэкатурызму рэгіёну. Асабліва шмат прэтэндэнтаў было на новую намінацыю “Лепшы старт”.
Акрамя гэтай, былі прапанаваны таксама намінацыі “Захаванне беларускіх традыцый”, “Здаровы лад жыцця”, “Гасціннасць”.
У намінацыі “Захаванне беларускіх традыцый” пераможніцай прызнана аграэкасядзіба “У Барысавіча”, створаная ў 2011 годзе ў вёсцы Вусце нашага раёна. Яе гаспадар Уладзімір Барысавіч разам з сынам Юрыем 20 гадоў таму назад пераехалі на Браслаўшчыну і заняліся аграэкатурызмам. Гэта не першая іх узнагарода ў конкурсах. У скарбонцы бацькі і сына Жэрко званне лепшай аграсядзібы Віцебскай вобласці ў намінацыі “Гасціннасць” за 2011 год, грамата Міністэрства спорту і турызму “За адраджэнне і захаванне народных традыцый Беларусі” за ўдзел у конкурсе “Пазнай Беларусь” у 2013 годзе, а таксама шмат удзячнасцей ад турыстаў з розных куткоў свету за цудоўна арганізаваны адпачынак.
Жэрко робяць стаўку менавіта на тое, каб прывіць любоў людзям да нашага краю і яго гісторыі.
Усе пераможцы і лаўрэаты конкурсу атрымалі падарункі ад спонсараў і арганізатараў – упраўлення спорту і турызму, Белаграпрамбанка. Дарэчы, цяпер у Віцебскай вобласці зарэгістравана больш за 500 суб’ектаў аграэкатурызму, каля 200 з іх у Браслаўскім раёне.
У 2013 годзе яны прынялі больш за 31,3 тысячы гасцей з 26 краін свету.
“Віцебская вобласць мае вялікі патэнцыял для развіцця турызму: унікальную прыроду з азёрамі і лясамі, гісторыю і культуру. Сваёй работай аграэкасядзібы раскрываюць гэты патэнцыял, дастойна прэзентуюць нашу глыбінку. Таму такі сегмент турызму падтрымлівае і будзе падтрымліваць дзяржава”, — сказаў у прывітальным слове падчас падвядзення вынікаў конкурсу намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў.
Добрым і надзейным памочнікам уладзе ў гэтым накірунку з’яўляецца ААТ “Белаграпрамбанк”. З пачатку рэалізацыі праграмы з удзелам банка пракрэдытавана 110 суб’ектаў вобласці на суму 7,1 млрд. рублёў.

Зінаіда Аляксандрава.
Фота з архіва Юрыя Жэрко.