Не сакрэт, што старажытная гульня ў шахматы развівае лагічнае мысленне і матэматычныя здольнасці. Да таго ж ігрок павінен валодаць вытрымкай, разважлівасцю і, бяспрэчна, зацікаўленасцю да шахматных баталій. Таму далёка не кожнаму хапае ўседлівасці і цярпення гадзінамі пралічваць разнастайныя камбінацыі. Тым не менш вельмі прыемна назіраць, што гэта гульня не губляе папулярнасці сярод школьнікаў нашага раёна.
Вось і падчас асенніх канікулаў, як паведаміў кіраўнік шахматнага гуртка пры ЦДМ Уладзімір Аляксееў, у СШ №2 прайшоў першы ў гэтым навучальным годзе шахматны турнір.
На шахматных дошках разгарнуліся баі паміж самымі юнымі аматарамі гульні. Хоць першакласнікі пачалі вывучаць шахматныя камбінацыі зусім нядаўна, аднак да спаборніцтва падышлі вельмі сур’ёзна. І па заканчэнні турніру першае месца заваяваў Даніла Кіслякоў, другое — Глеб Патаповіч, трэцяе — Яўген Шукель.
Гэта толькі першая перамога маленькіх шахматыстаў. Будзем спадзявацца, што на перадзе іх чакае яшчэ шмат новых значных перамог.