Звёны аднаго ланцуга

Главное

DSCF6072 (Small)Райпа — адна з самых буйных і шматмэтавых структур у раёне. Але не толькі сваімі паўсядзённымі справамі жывуць яе супрацоўнікі. На высокім узроўні наладжана тут спартыўнае, культурнае жыццё, разам калектыў адзначае ўсе падзеі. У многім гэта заслуга прафсаюзнай пярвічкі арганізацыі, якая не толькі стаіць на абароне інтарэсаў работнікаў, але і імкнецца зрабіць іх вольны час насычаным і цікавым.
На стале прафсаюзнага лідара райпа Таццяны Зелянцовай красуецца прыгожа аформлены “Дзённік вялікіх і малых поспехаў пярвічкі”. Гартаеш яго, і ўсё жыццё прафсаюза ўстановы за апошніх пяць гадоў як на далоні. А яно насычанае і цікавае.
Стварала дзённік Таццяна Міхайлаўна сама. Такім чынам вырашыла падвесці вынік сваёй пяцігадовай дзейнасці на пасадзе старшыні прафсаюза райпа, які ўзначальвае з 2009 года. Асноўная пасада жанчыны — вядучы юрысконсульт, але яе арганізатарскія здольнасці не засталіся незаўважанымі: Т. Зелянцову абралі прафсаюзным лідарам. Жыццё калектыву з яе прыходам на пасаду стала яшчэ больш цікавым і насычаным. Заўважаючы творчыя магчымасці чалавека, яна ўмела прыцягвае работнікаў да правядзення розных мерапрыемстваў. Любое свята або конкурс Таццяна Міхайлаўна імкнецца зрабіць незабыўным. Сама рыхтуе сцэнарны матэрыял. Не выпадкова, што за сваю актыўную работу сёлета яна адзначана граматай рэспубліканскага камітэта беларускага прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі. А калектыў аднагалосна абраў яе на другі тэрмін кіравання пярвічкай.
— Нездарма гаворыцца, адзін у полі не воін, і эфектыўнасць пярвічкі ў многім залежыць ад кожнага яе члена. Разам мы звёны аднаго ланцуга, — заўважае Т. Зелянцова. — Я ж магу з упэўненасцю сказаць, што такіх вясёлых, актыўных і лёгкіх на пад’ём членаў прафсаюза больш нідзе не знайсці.
Увогуле ж прафсаюзная арганізацыя зараз налічвае больш за 650 чалавек, амаль 200 з якіх — моладзь. А яшчэ, што рэдка дзе сустрэнеш, на ўліку знаходзяцца 27 пенсіянераў, былых супрацоўнікаў райпа. Яны актыўна ўдзельнічаюць у жыцці арганізацыі.
У прафсаюзнай рабоце важна ўсё: арганізацыя адпачынку і вольнага часу, культурныя мерапрыемствы, прыцягненне да здаровага ладу жыцця. У раёне прадстаўнікі райпа заўсёды дастойна прадстаўляюць раённую спажывецкую кааперацыю. Не абыходзіліся без із удзелу конкурсы “Шчупаковая ўдача”, “Браслаўскі грыб”, “Цудоўная пяцёрка”, “Браслаўскі экспрэс”, “Міс Браслава”. У бягучым годзе з другім месцам вярнуліся з конкурсу сандружын, 4 медалі і 6 грамат заваявалі на раённым спартыўным свяце, а таваравед Наталля Казлоўская атрымала тытул “аўтаразумніца” на конкурсу “Аўталэдзі”. Са званнем лаўрэата вярнуліся прадстаўнікі райпа з абласнога конкурса мастацкай самадзейнасці сярод калектываў спажыўкааперацыі. А нядаўна з 5 месцам (з 20 каманд) прыехалі спартсмены райпа са спартакіяды сярод арганізацый спажыўкааперацыі вобласці.
Яшчэ адзін накірунак дзейнасці прафсаюза — арганізацыцыя вольнага часу яго членаў. За пяць гадоў яны наведалі 48 канцэртаў і прадстаўленняў, пабывалі ў экскурсійных паездках па гарадах Беларусі і за яе межамі.
Значная ўвага надаецца матэрыяльнай дапамозе членам прафсаюза (за 5 гадоў яна аказана 154 чалавекам на суму 27,3 млн. рублёў), іх аздараўленню. Не забываюцца пра ветэранаў вайны і працы, пенсіянераў, юбіляраў. Шмат ладзіцца культурна-масавых мерапрыемстваў. Толькі ў мінулым годзе на гэты мэты былі зрасходаваны 52, 2 млн. рублёў. Каля 220 членаў прафсаюза ў сувязі з 110-годдзем прафсаюзнага руху атрымалі каштоўныя падарункі.
Шмат у прафсаюзнай пярвічцы актыўных людзей, якія заўсёды адгукаюцца на ўдзел у конкурсах і мерапрыемствах. І з такімі людзьмі, па прызнанні Т. Зелянцовай, працаваць адно задавальненне. Сярод актыўных удзельнікаў В. Мужава, Н. Шаўчанкова, Т. Багародь, С. Касай, Н. Казлоўская, С. Шакур, К. Гродь, Г. Шпадарук, Г. Марковіч, Л. Ахматаў, А. Лукша, К. Саковіч, І. Мацук, А. Раманчык, К. Сташкевіч і многія іншыя.
Хутка навагоднія святы, і прафсаюзная пярвічка ўжо актыўна рыхтуецца да іх правядзення. І, як заўсёды, у райпа яны пройдуць весела і цікава.

Таццяна Пятушка.