Аддзел унутраных спраў Браслаўскага райвыканкама на мінулым тыдні адзначыў 75-годдзе з дня ўтварэння. Урачыстасці з гэтай нагоды прайшлі ў пятніцу і сталі падзеяй не толькі для ветэранаў міліцыі, асабовага складу РАУС і членаў іх сямей, але і ўсёй грамадскасці раёна.
Гледзячы на такую значную дату, трэба азірнуцца назад і звярнуцца да гісторыі. А пачыналася ўсё ў далёкім 1939 годзе… Афіцыйнай датай утварэння РАУС лічыцца 2 лістапада, нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1919 годзе ў раёне дзейнічаў першы атрад міліцыі, прататып сучаснага аддзела ўнутраных спраў. За 75 год адбылося шмат падзей: міліцыянеры змагаліся ў Вялікай Айчыннай вайне, а многія з іх сталі ўдзельнікамі парызанскага руху, мужна стаялі на абароне правапарадку ў складаныя пасляваенныя гады, выкаранялі бандытызм у 60-ыя гады, сумленна неслі службу і пазней, калі наступіў мірны час. І заўсёды супрацоўнікі міліцыі аддана працавалі, абаранялі спакой браслаўчан.
Сучаснае пакаленне браслаўскіх міліцыянераў годна працягвае традыцыі тых, хто быў заснавальнікам і будаўніком гісторыі РАУС. Па праву аддзел знаходзіцца сярод першых у вобласці, не раз многія яго супрацоўнікі былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Браслаўская міліцыя сёння — сіла, здольная супрацьстаяць злачыннасці. Гэтыя словы гучалі на працягу ўсяго мерапрыемства, прысвечанага юбілейнай даце аддзела.
Пачалося святкаванне 75-годдзя РАУС з урачыстага адкрыцця памятнага знака. Ідэя яго стварэння да юбілейнай даты зарадзілася даўно. Рэалізаваць яе дапамог Рышард Самсановіч — былы супрацоўнік, які шмат гадоў аддаў службе ў міліцыі і зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Літаральна ўсім аддзелам распрацоўвалі знешні выгляд манумента, а Рышард Пятровіч дамовіўся з дырэктарам ПУП па аказанні паслуг “МанументБел” Аляксандрам Кацуба, каб яго прадпрыемства вырабіла памятны знак.
Манумент з датай утварэння аддзела ўнутраных спраў размясцілі каля ўвахода ў будынак міліцыі. На мерапрыемства сабраўся ўвесь асабовы склад, ветэраны аддзела. Ганаровымі гасцямі сталі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і дырэктар “МанументБел” Аляксанд Кацуба. Начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка ўзгадаў гісторыю фарміравання і развіцця аддзела, тых людзей, якія сваё жыццё аддалі службе ў органах. Пра дасягненні браслаўскіх міліцыянераў у сваім выступленні гаварыў і Сяргей Шматаў. Пад гучныя апладысменты разам яны адкрылі памятны знак. Ён стаў першым падобным манументам у вобласці.
Працягнулася ўрачыстае святкаванне ў зале гімназіі. Да пачатку мерапрыемства госці з задавальненнем знаёміліся з выстаўкай, на якой была прадстаўлена гісторыя аддзела і ўсіх службаў. Ветэраны РАУС прыпыняліся каля стэндаў, разглядвалі фотаздымкі і ўспаміналі гады сваёй службы, а маладое пакаленне знаёмілася з тымі супрацоўнікамі, імёны якіх залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю РАУС і з якіх трэба браць прыклад.
Павіншаваць з юбілеем браслаўскіх міліцыянераў сабраліся шматлікія госці. Раённае кіраўніцтва прадставіў Сяргей Шматаў; упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама — намеснік начальніка аддзела аператыўна-дзяжурнай службы Яўген Жалняроўскі. У зале было шмат кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, старшыні сельсаветаў. Побач сядзелі сівыя ветэраны і зусім яшчэ маладыя супрацоўнікі.
Першым віншаванні ад райвыканкама і Савета дэпутатаў міліцыянерам адрасаваў С. Шматаў. Таксама ён уручыў Ганаровую грамату інспектару ДПС ДАІ Сяргею Пятроўскаму і падзячны ліст памочніку дзяжурнага АДС Ігару Маркевічу.
Да браслаўскіх міліцыянераў звярнуўся і Яўген Жалняроўскі. Ён падзякаваў за службу і нагадаў, што ў РАУС працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія ў любую хвіліну могуць кінуцца на дапамогу. А галоўнае, людзі давяраюць браслаўскай міліцыі, пра што сведчаць апошнія лічбы апытання. Не абышлося і без узнагарод. Нагрудны знак “За самаадданую службу” атрымала інспектар КВІ Паліна Акуліч, “За выдатную службу” — намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Часлаў Угарэнка. Нагрудныя знакі “Віцебская міліцыя” былі ўручаны начальніку РАУС Вячаславу Грышчанку, вадзіцелю-супрацоўніку групы тылавога забеспячэння Анатолю Пракопчыку, старшыні савета ветэранскай арганізацыі РАУС Міхаілу Парфяновічу. Яшчэ шэраг супрацоўнікаў атрымалі ганаровыя граматы і падзячныя лісты ад кіраўніцтва УУС Віцебскага аблвыканкама.
Шмат цёплых слоў выказалі госці ўрачыстасці. Кожны з выступоўцаў выказваў спадзяванні і падкрэсліваў, што браслаўская міліцыя і надалей будзе захоўвацца ў нашым грамадстве спакой і справядлівасць.
Віншаванні супрацоўнікам і расказы пра гісторыю кожнай службы РАУС перамяжоўваліся з канцэртнымі нумарамі. Добры настрой віноўнікам урачыстасці ў гэты вечар падарылі артысты РДК, школы мастацтваў, вакальная група РАУС, якая сабрала больш за ўсё апладысментаў. Юбілейны вечар атрымаўся па-сямейнаму ўтульным і шчырым.
Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.