Вымушаныя бежанцы

Главное

IMG_4056 (Small)Бежанства — выгнанніцкі лёс. Не адзін круг ліха, бяды-нядолі даводзіцца прайсці таму, хто мусіў па розных прычынах пакінуць Бацькаўшчыну і шукаць прытулак у чужой краіне. А адна з самых масавых і жахлівых прычын — гэта пагроза для жыцця з-за ваенных дзеянняў. І асабліва жудасна, калі яна ўзнікае ў здавалася бы мірны час.
Сотнямі тысяч украінскія грамадзяне, ратуючыся ад вайны, выпраўляюцца ў невядомую дарогу ў пошуках спакойнага жыцця. Большасць з іх ратуецца ў Расіі. Але і наша краіна гасцінна прымае гаротнікаў на беларускай зямлі. А ў пачатку лета пачварнае слова бежанцы дакацілася да Браслаўшчыны. Некалькі сямей знайшлі тут сабе прыстанак. У ліку іх — маладая сям’я Шырынскіх.
Іван, Яраслава і іх чатырохгадовы сын прыехалі ў наш край ў чэрвені і ўжо атрымалі пасведчанне дадатковай абароны ў Рэспублікі Беларусь. На мінулым тыдні разам з в.а. старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвоны Крыж Генадзем Швяцом выправіліся ў г.п. Відзы, каб уручыць сям’і гуманітарную дапамогу і распытаць пра іх жыццё-быццё.
Прыветлівая абаяльная жанчына з задавальненнем прыняла падарункі (на здымку) і з прысутным маладосці спакоем і аптымізмам, пачала расказваць, што ім давялося перажыць.
Да, усе мы бачым і чуем пра жудасныя падзеі ва Украіне па тэлебачанні і радыё. Але калі пра гэта кажа жывы сведка ў неафіцыйнай абстаноўцы “дрыжыкі” прабягаюць па целу.
— Жылі мы ў вялікім прыгожым горадзе Славянску Данецкай вобласці, — пачала свой сумны аповед Яраслава. — Першыя снарада пачалі ўзрывацца на светлае божае свята — Вялікдзень. Ніхто нічога не разумеў, а ад гэтага было яшчэ жахлівей. Наш дом знаходзіцца непадалёку ад гары Карачун, адкуль і вяліся абстрэлы па мірных жыхарах. Непрывычна было назіраць, як людзі старэйшага пакалення мяхамі скупалі ў магазінах цукар, макароны, крупы. Гледзячы на іх, мы таксама пачалі грунтоўна запасацца харчаваннем. Потым на пляцоўкі горада, дзякуючы апалчэнцам, прыязджалі машыны з гуманітарнай дапамогай, якую выдавалі мірным жыхарам. У хуткім часе адключылі свет, ваду, газ. Спаць клаліся ў адзенні, бо не ведалі, калі зноў пачнецца абстрэл. Заўсёды напагатове была сумка з самымі неабходнымі рэчамі. Пры бамбёжках хаваліся ў склепах ці бомбасховішчах. Сын уздрыгваў пры кожных шолаху і па гуку снарадаў навучыўся разлічаць, з якой зброі страляюць.
Жах за жыццё сына, будучага дзіцяці і са сваё вымушала Івана і Яраславу пакінуць кватэру, уладкаванае жыццё і выправіцца ў невядомую, небяспечную дарогу да роднай цёткі, якая іх звала да сябе.
Цяжка было, сумна, невыносна горка. Але іншага выйсця не было. Вось так і сталі вымушанымі бежанцамі. Спачатку Яраслава з Цімафеем пад абстрэлам на аўтобусе дабраліся да Харкава, адтуль на цягніку — да Масквы, а там — на Мінск, дзе іх сустрэла стрыечная сястра. Муж выбіраўся праз часовы гуманітарны калідор у Луганску. І ўжо на беларускай зямлі сям’я зноў уз’ядналася.
Калі крыху супакоіліся і ўладкаваліся, Іван адразу стаў шукаць сабе работу, бо добра разумеў, што трэба ўтрымліваць сям’ю. Знайшоў яе па аб’яўленні ў Мінску, туды і выправіўся на заробкі. Яраслава даглядае сына і рыхтуецца ў хуткім часе стаць маці другі раз.
Цімафей, жвавы рухавы хлопчык, падчас нашай размовы таксама выказваў свае ўражанні пра вайну. Як жа жахліва і балюча гучаць гэтыя словы з дзіцячых вуснаў! Зараз хлопчык наведвае дзіцячы сад у Відзах, з задавальненнем расказвае пра новых сяброў, выразна без запінкі расказаў нам верш, які падрыхтаваў для ранішніка. І толькі аднойчы, калі на Купалле ў неба ўзляцеў салют, вельмі спужаўся.
У Славянску засталіся бацькі Яраславы, так што вайна і тут, на мірнай зямлі, іх не адпускае, бо думкі пра родных не даюць спакою.
— Асабліва цяжка, — уздыхае жанчына, — калі па два-тры часы не магчыма да іх дазваніцца, каб пачуць родны голас і даведацца, што яны жывы.
Не пакінулі ў горы маладую сям’ю і добрыя людзі. Яраслава з радасцю паказвае дзіцячыя каляскі, адзенне для немаўляці, якія прынеслі сваякі і суседзі, за што выказвае ім шчырую падзяку.
Невядома, як складзецца далейшы лёс сям’і Шырынскіх. Безумоўна, хочацца вярнуцца на Радзіму, але, на жаль, гэта пакуль немагчыма. А пакуль галоўнае, што не свісцяць кулі над галавой, не разрываюцца снарады, не чуваць іх выбухаў, і дзіця народзіцца на свет пад чыстым мірным небам.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.