Для Браслаўшчыны стала добрай традыцыяй урачыста праводзіць “Дзень прызыўніка”. Вось і сёлета тым юнакам, якія праз лічаныя дні папоўняць рады Узброеных Сіл Беларусі, у мінулую пятніцу ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі павесткі.
Наперадзе ў каля 50 маладых браслаўчан суровыя армейскія будні, год ці паўтара службы ў пагранічных, унутраных войсках і сіл спецыяльных аперацый. Менавіта туды ў гэты прызыў адправяцца юнакі нашага раёна. Іх чакае фізічная і духоўная загартаванасць, новыя веды, давядзецца прайсці армейскія выпрабаванні і спазнаць сапраўднае армейскае сяброўства. Будучыя салдаты не цешаць сябе надзеямі на тое, што будзе лёгка. Але кожны з іх марыць, каб і яго матуля атрымала падзячнае пісьмо ў канверце з армейскім штампам.
Шмат карысных парад і цёплых пажаданняў атрымалі ў “Дзень прызыўніка” навабранцы. Першым з прывітальным словам выступіў раённы ваенны камісар Віталь Грамніцкі, які зазначыў, што служба ў арміі — гэта той перыяд, калі юнакі становяцца сапраўднымі загартаванымі мужчынамі. Ваенны камісар патлумачыў, чаго чакаць хлопцам ад службы ў арміі, сказаў, што яны павінны быць гатовы да пэўных складанасцей, якія толькі загартуюць, навучаць не пасаваць перад жыццёвымі праблемамі.
З сардэчнай прамовай перад юнакамі выступіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. Яна пажадала маладым людзям хутка ўліцца ў вайсковы строй, авалодаць новай і вельмі важнай справай абаронцы Айчыны. А яшчэ зазначыла, што падчас службы браслаўчане заўсёды паказвалі сябе з лепшага боку, многія былі адзначаны кіраўніцтвам ваенных часцей як лепшыя. Да гэтага і трэба імкнуцца новаму папаўненню.
Свае пажаданні паспяховага праходжання тэрміновай службы, вернага армейскага сяброўства і хутчэйшага вяртання на радзіму віноўнікам урачыстасці выказалі таксама старшыні раённага савета ветэранаў Іван Цялежнікаў, раённай арганізацыі ГА “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Леанід Мікшта, раённага аддзялення Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ “Гонар” Леанід Якаўлеў, першы сакратар РК БРСМ Марыя Сяліцкая.
Прадстаўнікі духавенства таксама акрэслілі неабходнасць вайсковай службы ў лёсе сапраўднага мужчыны і благаславілі юнакоў на ваенную службу.
Свае хваляванні не хавала Валянціна Пупіна, маці аднаго з навабранцаў. Яна звярнулася да будучых вайскоўцаў з наказам ад усіх матуль. Прызыўнікі ж у сваю чаргу абяцалі служыць дастойна, на гонар нашага раёна і Радзімы.
Не абышлося без конкурснай праграмы і невялікіх выпрабаванняў будучых салдат і іх матуль. Калі юнакам давялося адказваць на пытанні віктарыны, то матулі папрактыкаваліся ў напісанні пісьма. А па-сапраўднаму баявы і аптымістычны настрой выклікалі ў навабранцаў музычныя нумары ў выкананні артыстаў РДК і воінаў-інтэрнацыяналістаў.
І вось наступае самы адказны момант. Пачынаецца ўручэнне прызыўнікам павестак на службу ў арміі. З рук Віталя Грамніцкага і Іны Лысенка юнакі атрымалі доўгачаканы дакумент, а пратаіерэй Анатоль, настаяцель Свята-Успенскага храма благаславіў іх на службу і падарыў кожнаму абраз.
Праз некалькі дзён хлопцы раз’едуцца па сваіх вайсковых часцях і нарэшце прымераць ваенную форму. Застаецца толькі сказаць ім: “У добры шлях, прызыўнікі”.
Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.