Пад ляжачы камень і вада не цячэ

Главное

IMG_3660 (Small)Відзаўскі прафесіянальна-тэхнічны каледж сапраўды можна лічыць стартавай пляцоўкай па ўкараненні ў нашым раёне энергазберагальных тэхналогій і альтэрнатыўных аднаўляльных крыніц энергіі. І не адзін год каледж мэтанакіравана ідзе па гэтым шляху. Нагадаем, што ў выніку рэалізацыі першага праекта “Чысты свет” у навучальнай установе з’явіліся ветрагенератар, сонечны калектар, энергазберагальныя ліхтары, датчыкі руху і асвятлення, цеплагенератар для ацяплення.
А селета ў аканцы верасня завяршылася рэалізацыя і другога праекта “Погляд у будучыню”. Пры фінансавай падтрымцы Глабальнага экадагічнага фонду ПРААН і сафінансаванні каледжа ў інтэрнаце ўстановы ўведзена ў эксплуатацыю сучасная геліясістэма са станцыяй водападрыхтоўкі (абезжалезвання) для гарачага водазабеспячэння.
Вынікі праекта былі падведзены ў каледжы 29 кастрычніка на семінары, у якім удзельнічалі і начальнік абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем цепла-энергарэсурсаў Аляксандр Краўчанка, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Сяргей Арэхаў, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Давыдзенка, дырэктар падраднай арганізацыі “ЦеплаЭнергаПлюс”, якая ўстанавіла геліясістэму, Аляксандр Шэлюх.
За кошт сонечнай энергіі геліясістэма будзе практычна круглы год забяспечваць інтэрнат гарачай вадой, што, па пярэдніх падліках, дасць штогадовую эканомію электраэнергіі ў 20 тыс. кВт г. А гэта, у сваю чаргу, і скарачэнне выкідаў у атмасферу парніковых газаў каля 3 т. Згадзіцеся, хоць і невялікі, але канкрэтны ўклад у рашэнне сусветнай праблемы. Дзякуючы таму, што геліякалектар “захарчаваны” ачышчанай вадой, тэрмін яго эксплуатацыі складзе не менш за 25 гадоў пры акупнасці праекта каля шасці. Да таго ж станцыя водападрыхтоўкі забяспечыць чыстай пітной вадой не толькі навучэнцаў каледжа, а і 200 жыхароў пасёлка па вул.Куйбашава.
Падчас семінара яго ўдзельнікі неаднаразова падкрэслівалі, што эфектыўнасць рэалізаванага праекта — гэта не толькі канкрэтныя лічбы рэальнай эканоміі энергарэсурсаў. Каледж на практыцы ілюструе, як і ў нашых умовах магчыма ўкараняць аднаўляльныя крыніцы энергіі, за якімі, безумоўна, будучыня. Таму ўстанова павінна стаць дэманстрацыйнай пляцоўкай па распаўсюджванні набытага вопыту сярод іншых суб’ектаў гаспадарання.
Дарэчы, у доўгатэрміновай праграме энергаэфектыўнасці адміністрацыя каледжа спадзяецца не толькі на фінансавую падтрымку Праграмы малых грантаў у Беларусі. Сёлета, напрыклад, у кацельні вучэбных майстэрняў уласнымі сіламі замянілі старыя катлы на энергазберагальныя з ККД 85%. Іх эксплуатацыя — гэта не толькі штогадовая эканомія 12,1 тон умоўнага паліва, але і зусім іншыя, камфартабельныя ўмовы працы. У перспектыўных планах — набыццё фотаэлектрычнай станцыі для аўтаномнага энергазабеспячэння экалагічнага цэнтра, тэрмарэнавацыя інтэрната і двух вучэбных карпусоў. Засталося ў планах і стварэнне прыроднага агра-экатурыстычнага комплексу “Відзы-сіці”. Так з дня ў дзень супрацоўнікі каледжа ў чарговы раз упэўніваюць сябе і іншых, што пад ляжачы камень і вада не цячэ.

Казімір Пятушка.
Фота аўтара.IMG_3675 (Small) IMG_3679 (Small) IMG_3694 (Small)