Па чароўнай краіне казак

Главное

IMG_4122 (Small)Творчыя супрацоўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі заўсёды знаходзяцца ў інавацыйным пошуку, каб кожнае мерапрыемства для сваіх наведвальнікаў зрабіць цікавым, яскравым і пазнавальным.
Вось і падчас восеньскіх канікулаў школьнікі разам з вартаўнікамі Храма мудрасці пабывалі ў віртуальным падарожжы па памятных ваенных месцах. Даведаліся пра трагічныя падзеі Брэсцкай крэпасці, Хатыні, Чырвонага Берага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра дабрыню, спагаду і ўзаемадапамогу ішла размова на ўроку Дабрыні. Наведалі пачаткоўцы браслаўскіх школ і краіну Журналію, дзе пазнаёміліся з разнастайным дзіцячымі часопісамі і газетамі. У відэасалоне школьнікі сустрэліся з любімымі героямі мультфільмаў.
Безумоўна, не абышлося і без чароўных павучальных казак. У апошні дзень канікулаў дзеці выправіліся ў захапляльнае і загадкавае віртуальнае падарожжа ў госці да казачных персанажаў. Але не так проста было трапіць у чароўную краіну. Каб атрымаць білет у каралеўства казак, хлопчыкі і дзяўчаты дружна адгадвалі любімых герояў. А атрымаўшы запаветны квіток, выправіліся на пошукі незвычайнага куфра. Як і ў любой казцы, закавырыстыя перашкоды чыніла падарожнікам злая Баба-Яга, якая схавала чароўную палачку. Ды юныя шукальнікі, дзякуючы сваім трывалым ведам казак, таленту і спрыту, справіліся з усімі заданнямі злой старой і знайшлі куфар, у якім знаходзіліся дыпломы і медалі для самых актыўных удзельнікаў і салодкі прыз для ўсіх.
Вельмі хочацца адзначыць аб’ёмную і грунтоўную падрыхтоўку, выдатную і захапляльную арганізацыю гэтага мерапрыемства бібліятэкара Таццяны Сямёнычавай. Яна прадумала кожную дэталь захапляльнага падарожжа, яго музычнае афармленне. Усе хлопчыкі і дзяўчаты былі задзейнічаны ў вясёлай гульні. А яскравая мультымедыйная прэзентацыя казачнай тэматыкі, створаная Таццянай Уладзіміраўнай, заслугоўвае найвышэйшай пахвалы.
Таксама заслугоўвае ўвагі старанная работа педагогаў пачатковых класаў СШ №2. Іх падапечныя ведалі адказы на самыя разнастайныя і каверзныя казачныя пытанні. А гэта значыць, што дзеці з задавальненнем цікавяцца не толькі сучаснымі, часам незразумелымі для нас, героямі, а і класічнымі, праверанымі стагоддзямі казачнымі персанажамі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.