У жыхароў сельскай мясцовасці менш магчымасцей заняць свой вольны час, чым у горадзе. Калі дзецям і моладзі лягчэй знайсці сабе заняткі па душы, то старэйшаму пакаленню гэта зрабіць складаней. А вось работнікі Казянскага сельскага Дома культуры добра ведаюць, як падарыць людзям свята, добры настрой, зрабіць так, каб кожны не сядзеў у сваёй хаце, а актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці вёскі.
Дарэчы, сёлета гэта ўстанова адзначае 35-годдзе з дня адкрыцця. Юбілей, здавалася б, невялікі. Але ўсё ж такі 35 гадоў – пэўны рубеж, які дае магчымасць узгадаць усё, што было зроблена за гэты час.
А зроблена нямала. У летапісе ўстановы сабраны фотаздымкі з мерапрыемстваў розных гадоў. Немагчыма пералічыць, колькі за гэты час было праведзена цікавых свят, выступленняў у раёне і за яго межамі, колькі падорана вяскоўцам шчаслівых хвілін, колькі таленавітых людзей прайшло праз сцэну СДК. Не адно пакаленне выходзіла адсюль з творчымі набыткамі, многія нават вырашылі звязаць жыццё з работай у культуры.
Гісторыя Казянскага СДК цесна звязана і з лёсам тых, хто тут працаваў і працуе да сённяшняга часу. Гаспадыняй храма творчасці і вяселля шмат гадоў з’яўляецца Марыя Блажэвіч. Любімай рабоце жанчына прысвяціла жыццё, дарэчы, у яе сёлета таксама юбілей. Вось ужо 40 гадоў Марыя Самуілаўна працуе ў сістэме культуры. Пачынала працоўную дзейнасць у Ждэгельскім клубе, потым выйшла замуж і пераехала ў Казяны. Тут уладкавалася ў толькі адчынены Дом культуры. Працавалася маладой дзяўчыне лёгка і весела. У яе быў творчы талент дарыць людзям радасць ад зносін з мастацтвам, запал у вачах і жаданне працаваць. Потым яна падмацавала ўсё гэта дыпломам спецыяліста аддзялення рэжысуры тагачаснага Віцебскага вучылішча культуры і мастацтваў.
Моладзі ў вёсцы у той час было яшчэ шмат, і яна на ўра прымала любое мерапрыемства. Марыя Самуілаўна і зараз з настальгіяй успамінае тыя часы. Пры Казянскім клубе дзейнічаў хор, слава пра які гучала далёка за межамі раёна, а ў яго склад уваходзіла творчая працоўная моладзь. Не раз быў адзначаны ўзнагародамі мясцовы драматычны тэатр, а ансамбль народных інструментаў шмат гадоў пакараў гледачоў на аглядах у Мёрах і Полацку.
На жаль, зараз жыццё ў вёсцы не такое насычанае, як раней. Менш стала жыхароў, адпаведна моладзі і дзяцей. Тым не менш на вачах дырэктара выраслі ўжо дзве змены мясцовых артыстаў. Раней на сцэне СДК спявалі бацькі, а зараз ужо іх дзеці.
Творчы калектыў установы невялікі, усяго два чалавекі. Правай рукой і першай памочніцай Марыі Самуілаўны з’яўляецца мастацкі кіраўнік Таццяна Савіцкая. Жанчына спачатку проста ўдзельнічала ў самадзейнасці, а 5 гадоў таму назад прыйшла на працу ў СДК. Актыўная, творчая Таццяна і мерапрыемства арганізуе, і касцюмы сама сшые.
— Работнік культуры — гэта прызванне, без якога няма чаго рабіць у гэтай прафесіі, нават, калі маеш адукацыю, — заўважае Марыя Самуілаўна. — Зараз у Казянах каля 450 чалавек, менавіта іх жыццё, напоўненае працай і хатнімі клопатамі, мы стараемся зрабіць больш вясёлым і цікавым. Я ж не ўяўляю сваё жыццё без гэтай працы, часам здаецца, што 40 гадоў праляцелі як адзін дзень.
Знамянальным для клуба стаў 2011 год. Пасля рамонту аднавілася танцавальная зала, замянілі вокны і дзверы, столь. З’явілася новае музычнае абсталяванне. Умовы былі створаны, а творчым работнікам засталося толькі ладзіць цікавыя і карысныя мерапрыемствы.
Зараз у Казянскім СДК працуюць 9 фарміраванняў, 4 з якіх для дзяцей. І, трэба зазначыць, малыя з задавальненнем наведваюць іх, нават на канікулах знаходзяць час зазірнуць у клуб. Акрамя гэтага, пры ўстанове дзейнічаюць мужчынская і жаночая вакальныя групы, аматарскія аб’яднанні “Надвор’е ў доме” і “Кабачок”.
Цесна супрацоўнічае клуб з мясцовай установай адукацыі, музычнай школай, бібліятэкай. Толькі за гэты год было падрыхтавана больш за 20 мерапрыемстваў. На Новы год у абавязковым парадку ставіцца спектакль для дзяцей і дарослых. Разам вяскоўцы сустракаюць Масленіцу, Купалле, свята вёскі, Дзень сталых людзей, Дзень маці. У гэтым годзе ўся вёска дружна святкавала 510-годдзе Казянаў. Перыядычна наведваюцца культработнікі ў аддаленыя вёскі.
Шмат гадоў Казянскі Дом культуры быў і застаецца цэнтрам творчасці і вяселля. Калектыў жа не сніжае сваёй актыўнасці, імкнецца падарыць мясцовым жыхарам як мага больш прыемных хвілін, магчымасць рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Наперадзе ў іх яшчэ шмат задум і планаў, цікавых мерапрыемстваў і свят, якімі абяцаюць парадаваць вяскоўцаў.
Таццяна Пятушка.
На здымку: творчыя супрацоўнікі Казянскага СДК Марыя Блажэвіч і Таццяна Савіцкая.