Разам са страшным словам вайна раптоўна сканчылася радаснае дзяцінства савецкіх хлопчыкаў і дзяўчат. Як і ў Соф’і Піровіч з г.п. Відзы.
Да вайны яна шчасліва жыла разам з бацькамі, сястрой і бабуляй на хутары каля в. Казяны. У сям’і быў невялікі надзел зямлі, уласная гаспадарка. Вакол шырокія палі, таемныя лясы, прывольныя лугі — усё, што патрэбна для няхай не багатага, але мірнага і шчаслівага жыцця. Аднак крыважэрнае полымя вайны паглынула яго ў сваіх жахлівых абдымках.
— Спачатку ў Германію, — успамінае Соф’я Міхайлаўна, — забралі бацьку. Сказалі: “Працаваў на Саветы, цяпер папрацуй на Вялікую Германію”.
З Нямеччыны ён паспеў даслаць адзін ліст дадому, таму сям’я ведала яго адрас. І менавіта гэта акалічнасць дазволіла ў будучым аб’яднацца родным разам на нямецкай зямлі.
А ў хуткім часе ў хату ўварваліся немцы, дазволілі ўзяць з сабой толькі самае неабходнае і разам з іншымі жыхарамі пагналі ў Літву. А ўжо з Дукштаса па чыгунцы — у Германію.
Пакутлівая дарога на чужыну… Колькі слёз, крыві праліта на ёй! Колькі енку і пракляццяў чулі дрэвы і кусты паабапал!
Сям’ю прывезлі ў нямецкі горад Ленгерых у лагер для палонных, тэрыторыя якога была абнесена высокім калючым дротам. Размясцілі ў бараках з двух’яруснымі нарамі, выдалі робу.
Маці Соф’і Міхайлаўны на той час была цяжарная і працаваць не магла. Старэнькая бабуля і малая сястра Зінаіда працаўніцы таксама былі слабыя. Таму пры рэгістрацыі Соф’і дакінулі адзін лішні год, каб падлетка ўзялі на працу.
Разам з дарослымі 14-гадовая дзяўчына працавала на заводзе. Што на ім выпускалі, С. Піровіч не памятае. Затое скрыгат і жахлівае шыпенне гарачага жалеза, якое давялося паяць, да сённяшніх дзён стаяць у вушах. Ад цяжару ныла ўсё цела, ад электразваркі балелі і слязіліся вочы. І толькі дзякуючы настойлівай просьбе маці, Соф’ю перавялі на лягчэйшую працу.
— Пад’ём быў у пяць гадзін раніцы, — працягвае сумны ўспамін С. Піровіч. — Да завода трэба было ісці 2,5 км. Працавалі да 6 гадзін вечара. Кармілі вельмі дрэнна. Пасля работы адразу клаліся спаць, бо вельмі стамляліся. І ўвесь час хацелася есці.
Гэта ж наколькі трэба ненавідзець людзей, нават дзяцей, каб так над імі здзекавацца.
Тут жа ў лагеры нарадзілася малодшая сястра Ірынка. А праз колькі часу да сям’і перавялі з другога горада бацьку. Безумоўна, гэта стала значнай падтрымкай. Тым больш, што ў выхадныя і святочныя дні палонным дазвалялася падпрацоўваць у мясцовых гаспадароў, дзе яны маглі атрымаць крыху бульбы, якой-небудзь гародніны ці кавалачак хлеба. Аднак гэтага пры знясіленай працы было недастаткова, таму ежа нават снілася па начах.
Калі вязні выходзілі за межы лагера, ім абавязкова прымацоўвалі на робу спераду і ззаду апазнавальныя знакі. Выпадкаў уцёкаў С. Піровіч не памятае. Ды і куды бегчы, не ведаючы дарогі, мовы. Хоць асобныя нямецкія словы і выразы жанчына памятае і сёння.
Свабода да іх прыйшла ў 1945 годзе разам з англічанамі. Зноў доўгі цяжкі пераезд па чыгунцы. Але дарога вяла на радзіму. У Гродна гаротнікі ступілі на беларускую зямлю, а далей іх шлях ляжаў у мілыя сэрцу мясціны.
Дом быў разбураны, вокны выбіты, але сцены і дах ацалелі. Паступова бацька, майстар на ўсе рукі, яго адрамантаваў, падправіў. Суседзі і знаёмыя не далі прапасці з голаду — падзяліліся апошнімі прыпасамі. Потым самі пасадзілі свой агарод, сабралі першы пасляваенны ўраджай. Жыццё паступова наладжвалася, увайшло ў мірную каляю — замужжа, нараджэнне двух дзяцей. І сёння Соф’я Міхайлаўна з радасцю чакае іх разам з унукамі ў родным прыветлівым доме.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.