Думаю, настаўнікі са мною згодзяцца, калі скажу, што адна з самых цяжкіх і складаных пасад у школе — педагог сацыяльны. У яго паўсядзённыя задачы ўваходзіць работа з праблемнымі падлеткамі, дзяцьмі з небяспечных сямей і іх бацькамі. Ён кантралюе бытавыя ўмовы, запасы харчавання, паліва на асення-зімовы перыяд у нядбайных бацькоў, дапамагае непаўналетнім перажыць траўмы як душэўныя, так і цялесныя. І гэта далёка не ўсе накірункі дзейнасці педагогаў сацыяльных. Не сакрэт, што на плечы гэтых міратворцаў і апекуноў ускладзена шырокае кола абавязкаў, пры тым даводзіцца яшчэ пераносіць і значныя эмацыянальныя нагрузкі. Да таго ж заработная плата жадае быць лепшай. Таму не дзіва, што далёка не ўсе надоўга затрымліваюцца на гэтай пасадзе. Але ёсць педагогі, якія прысвяцілі сваё прафесійнае жыццё тым, каму, акрамя іх, больш некаму дапамагчы і падтрымаць у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Сярод іх і сацыяльны педагог Ахрэмаўскай сярэдняй школы Святлана Цікнюс
Вось ужо 18 гадоў яна пільна сочыць за псіхалагічна-сацыяльнай атмасферай у падведамасным школе мікрараёне, у які ўваходзяць больш за 300 сямей. Сама па спецыяльнасці географ, Святлана Мікалаеўна заступіла на гэтую турботную службу з першага дня яе заснавання і прайшла ўсе ступені яе ўдасканалення.
Гэта сёння ў яе ўтульны кабінет, дзе на паліцах шафы, акрамя папак з дакументамі, размясціліся забаўныя мяккія цацкі, знайшлося месца для прыгожых гліняных вырабаў. Каля акна — зручная вуглавая канапа, на падлозе прывабны дыван, а на сценах арыгінальныя карціны. Словам, зроблена ўсё, каб кабінет нагадваў хатні пакой, дзе сама атмасфера спрыяе шчырай душэўнай размове.
— Пачынаць работу было вельмі цяжка, — узгадвае С. Цікнюс, — бо ніхто дакладна не ведаў нашы правы і абавязкі, якую дакументацыю трэба весці, што патрабаваць ад нядбайных бацькоў.
Паступова сітуацыя мянялася ў лепшы бок. Зараз гэта прафесія вельмі запатрабавана і выдзелена ў асобную катэгорыю сістэмы адукацыі.
Безумоўна, работа з падлеткамі патрабуе асаблівага, тонкага падыходу, бо іх унутраны свет, як правіла, вельмі ранімы, а многія ўжо маюць глыбокія душэўныя траўмы. Але добразычлівая, далікатная, уважлівая Святлана Мікалаеўна заўсёды знаходзіць цудадзейны ключык, які адкрые іх душу і вызваліць дзіця ад лішніх праблем.
Вельмі вялікая адказнасць ляжыць на сацыяльных педагогах, пачынаючы ад афармлення дакументаў і заканчваючы адносінамі з навучэнцамі і бацькамі. А вось з апошнімі знайсці агульную мову бывае вельмі складана.
За доўгія гады работы Святлане Мікалаеўне даводзілася апынацца ў розных сітуацыях. Абавязкі сацыяльнага педагога прадугледжваюць наведванне нядобранадзейных сямей, дзе гадуюцца непаўналетнія. А гэта не заўсёды небяспечна. У лепшым выпадку, калі няветлівыя гаспадары проста не пусцяць у хату. А здараюцца выпадкі, калі прыходзіцца размаўляць з неадэкватнымі ад алкаголю бацькамі, слухаць абразы і пагрозы ў свой адрас. Пры гэтым весці сябе трэба карэктна, ветліва, і, галоўнае, дастукацца да іх абыякавага чэрствага сэрца.
— Несумненна, ёсць і станоўчы момант, — кажа Святлана Мікалаеўна, — калі мы бачым, як апамяталіся нядбайныя бацькі, перасталі злоўжываць алкагольнымі напіткамі. Дзеці рады, бацькі задаволены. Гэта самая вялікая ўзнагарода, якая дапамагае зразумець, наколькі важнай і патрэбнай справай мы займаемся. Гэта не толькі мая заслуга, а і іншых спецыялістаў, тут важна працаваць разам.
Канешне, адзін у полі не воін, асабліва ў такой далікатнай і важнай справе. Таму сацыяльныя педагогі цесна супрацоўнічаюць з адміністрацыяй і калегамі школы, арганізацыямі і ўстановамі, якія курыруюць пытанні па Дэкрэту № 18.
Усе гэтыя калектыўныя намаганні накіраваны толькі на адно — выратаваць сям’ю і не дапусціць перадачы дзіцяці пад апеку дзяржавы.
Шмат увагі С. Цікнюс надае прафілактычнай рабоце. У школе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы на прававую тэматыку — гутаркі, тэматычныя тыдні.
Сама педагог з дзяцінства сябруе са спортам. Яшчэ ў 8 класе ўстанавіла рэкорд па скачках у вышыню — 1м 35 см, і да сённяшняга часу гэтую планку ў Ахрэмаўскай школе ніхто не адолеў. Удзельнічала ў раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы сярод сельскіх жыхароў і вярнулася адтуль з перамогай. Яшчэ яна заўзяты рыбалоў, любіць паразважаць над партыяй у шахматы ці ў шашкі. Несумненна, спартыўная загартоўка дапамагае Святлане Мікалаеўне ў дасягненні пастаўленых мэт і задач. Так што не толькі словамі і ўгаворамі, а і сваім уласным прыкладам настаўніца заахвочвае школьнікаў да здаровага актыўнага ладу жыцця.
А каб падкрэсліць значнасць гэтай прафесіі з 2009 года многія краіны свету 2 кастрычніка (у гэты дзень адбылася Міжнародная канферэнцыя) сталі адзначаць Дзень сацыяльнага педагога.
Мы далучаемся да віншаванняў у адрас гэтых нястомных спецыялістаў, энтузіястаў сваёй справы і жадаем ім перамог і радасці ў іх жыццёва неабходнай усім нам працы!
Алена Пятушка.
Фота аўтара.