Па працы гонар і пашана

Новости

IMG_3421 (Small)Хлебаробы вобласці ў мінулыя выхадныя адзначылі сваё галоўнае свята — «Дажынкі». Сёлета яно праводзілася ў Гарадку, куды з’ехаліся лепшыя працаўнікі з усіх раёнаў. У афіцыйную дэлегацыю нашага раёна былі ўключаны камбайнеры і вадзіцелі, якія дабіліся лепшых вынікаў на жніве. Гэта Віктар Ваштаевіч, Міхаіл Іваноў, Іван Кульпа, Аляксандр Сусла, Віктар Раманоўскі, Валянцін Бесякірскі, Валянцін Буёнак, Яўген Лях, Віктар Зюрын.
Прыгожым і адноўленым сустракаў Гарадок гасцей. Каб населены пункт выглядаў дастойна, ў яго інфраструктуру, аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння было ўкладзена шмат сродкаў. Там узведзена новая гасцініца і аўтастанцыя, пабудаваны лыжаролерная траса і спартыўны комплекс, абноўлены жыллёвы фонд.
Даволі насычанай была і праграма фестывалю. Адных толькі выставачных пляцовак працавала больш за 10. Акрамя гэтага, кожны раён арганізаваў свае выставы-продажы брэндавай прадукцыі. Наш малаказавод прэзентаваў «Сырны разгуляй», дзе можна было прадэгуставаць прадукцыю, купіць тое, што спадабалася, паўдзельнічаць у забаўляльных гульнях і конкурсах. А яшчэ кожнае такое падвор’е абараняла свае брэнды тэатралізаванымі прадстаўленнямі, якія рыхтавалі работнікі культуры разам з самадзейнымі артыстамі. Паглядзець усё аўтару гэтых радкоў часу не хапіла, але з таго, што давялося ўбачыць, найлепшым чынам атрымалася ў браслаўчан, якія паказалі «Легенду пра Браслаў» у вершаванай перапрацоўцы дырэктара бібліятэчнай сістэмы Вольгі Ляснеўскай.
Аднымі з першых удзельнікаў і гасцей свята пачалі запрашаць на свае пляцоўкі журналісты, якія наладзілі медыяфорум «Рэпартаж са жніўнага поля», дзе працавала шмат фотавыстаў з зафіксаванымі аб’ектывамі момантамі ўборкі ўраджаю, убачыць відэаролікі пра лепшых людзей уборачнага прыпару.
Галоўнае ж дзейства, дзеля якога і ладзіўся фестываль, ушанаванне пераможцаў абласнога спаборніцтва на жніве, адбывалася на цэнтральнай плошчы горада.
У 12 гадзін святочная калона прадстаўнікоў усіх раёнаў пад гукі духавога аркестра і бой барабанаў прашэствавала па цэнтральных вуліцах Гарадка, дзе іх віталі жыхары і госці сёлетніх Дажынак. На галоўнай пляцоўцы фестывалю іх вітаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Косінец.
У сваёй прамове ён адзначыў, што сёлета вобласць сабрала самы багаты ўраджай збожжавых. Агульны намалот склаў 1 200 тысяч тон. Гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы ўкараненню самых сучасных тэхналогій, абнаўленню машынна-трактарнага парку, цеснаму супрацоўніцтву з навукоўцамі Акадэміі навук, пашырэнню пасяўных плошчаў па праграмме «Чыстыя палі». Дарэчы, за кошт узгаданай праграмы ворыўныя плошчы павялічыліся на 210 тысяч гектараў, узрасла контурнасць палёў, што дазволіла скараціць затраты на апрацоўку глебы, а разам з тым і знізіць сабекошт вырошчваемай прадукцыі.
Аднак, падкрэсліваў далей Аляксандр Мікалаевіч, грошы ўкладваюцца не толькі ў раслінаводчую галіну, а і ў жывёлагадоўлю, перапрацоўку. Толькі ў гэтым годзе на мадэрнізацыю ферм патрачана больш за 3 трыльёны рублёў. Цяпер у вобласці 488 ферм аснашчаны даільнымі заламі або малакапровадамі закрытага цыклу работы. Перааснашчаюцца і прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці, што дае магчымасць на 90% запаўняць прылаўкі магазінаў прадуктамі ўласнай вытворчасці.
Адраджаецца ў вобласці бульба- і льнаводства. Вядзецца мадэрнізацыя заводаў, будуюцца аснашчаныя самым сучасным абсталяваннем бульбасховішчы, што дазволіць наладзіць экспарт «другога хлеба» ў Расію і іншыя краіны.
«Дажынкі — важны сацыяльны праект, — падкрэсліваў А.Косінец, — які прывівае любоў да зямлі, садзейнічае навядзенню парадку, добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Павага да працы хлебаробаў з’яўляецца асновай, дзякуючы якой існуе беларускі народ, наша культура і духоўнасць».
У заключэнне Аляксандр Косінец падзякаваў усім за шчырую самаадданую працу, пажадаў здароўя і новых працоўных перамог у імя дабрабыту жыхароў вобласці.
Затым старшыня аблвыканкама правёў афіцыйную цырымонію ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтва на сёлетнім жніве.
Пазней удзельнікаў фестывалю сваімі выступленнямі радавалі самадзейныя артысты-пераможцы абласнога агляду-конкурсу творчасці моладзі і працаўнікоў сяла. А ў 19.30 пачаўся вялікі святочны канцэрт, апагеем якога ў 22 гадзіны стаў феерверк.
Людзі, якія шчыра папрацавалі на палетках, зрабілі ўсё, каб сабраць небывалы ўраджай, маюць права і на дастойны адпачынак. І каб гэтае права задаволіць, а свята надоўга засталося ў памяці, праграма абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі — 2014» была разлічана на 2 дні. У нядзелю ўдзельнікі мерапрыемства змаглі наведаць выставы, і гандлёвыя рады пасачыць за спартыўнымі спаборніцтвамі, гандлёвыя рады, паглядзець яшчэ адзін святочны канцэрт.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.