У нумары 66 “Браслаўскай звязды” ад 23 жніўня бягучага года ў матэрыяле “Далікатнае пытанне” была ўзнята праблема закрыцця туалета, які знаходзіцца за магазінам “Бярэжжа”. Нагадаю, прыбіральня належыць райпа і з прычыны яе непатрэбнасці арганізацыі яна была зачынена. Аднак пэўны дыскамфорт адразу адчулі прадаўцы бліжэйшых прыватных магазінчыкаў, што і выклікала з іх боку хвалю абурэнняў.
На крытычную публікацыю адрэагавалі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. І вось пра што гаворыцца ў адказе.
Згодна з існуючым заканадаўствам, нарматыў па наяўнасці грамадскіх прыбіральняў у гарадах і гарадскіх пасёлках нашай краіны складае адна на тысячу жыхароў. Пры гэтым туалеты могуць быць у камунальнай уласнасці, а таксама знаходзіцца на балансе іншых арганізацый. У агульную колькасць грамадскіх прыбіральняў на тэрыторыі населеных пунктаў уключаюцца ўсе, якія адкрыты на працягу 8 гадзін у суткі ў незалежнасці ад віду, уласніка, платнасці і іншых акалічнасцей. Такім чынам, у горадзе Браславе выконваюцца сацыяльныя стандарты па забеспячэнні насельніцтва грамадскімі туалетамі.
У сувязі са сказаным вышэй, аддзел ЖКГ рэкамендуе ўласнікам міні-магазінаў за свае грошы набыць біятуалет ці ўзяць на абслугоўванне ўзгаданую ўборную.
Дарэчы, прадпрымальнікі так і зрабілі – яны скааперыраваліся і агульнымі намаганнямі ўсталявалі ў жаночае аддзяленне туалета дзверы, самастойна ажыццяўляюць за ім догляд і падтрымліваюць у належным санітарным стане.
Таму можна сказаць, што “далікатнае пытанне” вычарпана. Па меншай меры для тых, каго яно хвалявала больш за астатніх.
Вячаслаў Каладынскі.