Заслужаная ўзнагарода з конкурсу

Главное

IMG_3519 (Small)Нядаўна ў Мінску праходзіла дзясятая спецыялізаваная выстава “Хлебная і кандытарская справа” 2014. Выяўленне лепшых узораў прадукцыі, што выпускаецца ў рэспубліцы і іншых краінах, іх дэманстрацыя шырокаму колу спажыўцоў – вось асноўныя задачы, якія ставілі перад сабой арганізатары. На працягу трох дзён можна было ўбачыць не толькі дасягненні сваіх калег-хлебапёкаў, але і набрацца вопыту, пазнаёміцца з новымі тэхналогіямі вытворцаў.
За званне пераможцы спаборнічала 200 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Сярод іх былі і хлебапёкі Браслаўскага хлебазавода. На рэспубліканскі агляд-конкурс якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў яны выставілі ўзор хлеба “Браслаўскі край” духмяны, вырабы слоеныя “Браслаўскія” з карыцай, “Палачкі з сырам” і круасаны, пасыпаныя цукровай пудрай. Дарэчы, не першы год браслаўчане ўдзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве і ні разу не прыехалі са сталіцы без узнагарод. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Высока ацаніла кампетэнтнае журы смакавыя якасці і знешні выгляд браслаўскіх хлебабулачных вырабаў. Нашы хлебапёкі атрымалі дыплом рэспубліканскага агляду-конкурсу і залаты медаль за ўсе прадстаўленыя ўзоры. Безумоўна, гэта заслуга ўсяго калектыву, яго майстэрства, прафесіяналізму і творчага падыходу да справы.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
Калектыў-пераможцаў: А. Ванага (кандытар), М. Круміна (кандытар), Г. Карла (начальнік лабараторыі), А. Анкудовіч (зменны майстар хлебабулачнага цэха).