Вырашыць надзённыя праблемы

Главное

IMG_3529 (Small)Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму была створана ў 1992 годзе. Яе асноўнай мэтай з’яўляецца садзейнічанне рэалізацыі грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, а таксама законных інтарэсаў сваіх членаў. У раённай арганізацыі былых вязняў зарэгістравана 103 чалавекі. Адзін раз у сем гадоў яны збіраюцца разам, каб абмеркаваць свае пытанні, праблемы і акрэсліць задачы на будучыню.
Вось і на мінулым тыдні члены раённай арганізацыі былых вязняў сабраліся ў актавай зале гімназіі на справаздачна-выбарную канферэнцыю, у якой прымалі ўдзел прадстаўнікі ўлады, сацыяльных службаў і грамадскіх аб’яднанняў.
Са справаздачай выступіў старшыня арганізацыі Павел Кудраўцаў і азнаёміў прысутных з дзейнасцю праўлення. Так, на сёння ў раёне жывуць 132 былыя непаўналетнія вязні. А ўсяго з Браслаўшчыны на прымусовыя работы падчас ваенных гадоў у Нямеччыну было вывезена 3739 жыхароў рознага ўзросту.
Нагадаў Павел Піліпавіч і пра льготы, якія маюць ахвяры фашызму, юбілейныя медалі, аднаразовую матэрыяльную дапамогу і каштоўныя падарункі, якія кіраўніцтва раёна ўручыла вязням напярэдадні Дня Незалежнасці. Неаднаразова праўленне раённай арганізацыі выходзіла з прапановай да Чырвонага Крыжа і ў міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемадапамога і прымірэнне” наконт выплат былым вязням грашовых сродкаў ад кампаніі “Нямецкія чыгуначныя дарогі”, якія вывозілі мірных жыхароў у Германію. Аднак пытанне пакуль канчаткова не вырашана, бо ўсе спасылаюцца на фінансавы крызіс.
Не застаюцца вязні і ў баку грамадскага жыцця. Яны прымаюць удзел у мітынгах, разнастайных раённых мерапрыемствах, сустракаюцца з моладдзю.
Затым дырэктар ТЦСАН Вольга Вялічка пазнаёміла прысутных з задачамі і работай сацыяльнай установы, запрасіла сталых людзей звяртацца да іх па дапамогу, а загадчык аддзела па аздараўленча-курортным лячэнні райвыканкама Іна Каржэнка нагадала пра ўмовы атрымання пуцёвак у санаторыі.
Ад імя вязняў выступіла Алена Угарэнка. Яна закранула некаторыя праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца сталым людзям. У прыватнасці, жанчына адзначыла, што пажадана на адрэзку дарогі ад Беларусбанка да паліклінікі паставіць некалькі лавачак, каб можна было перадыхнуць. Прапанавала звярнуцца з просьбай да адміністрацыі аўтабазы, каб у рэлігійныя святы на могілкі праезд на гарадскім транспарце для былых вязняў быў бясплатны.
Звярнулася да былых вязняў і намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, якая прымала удзел ў канферэнцыі. Іна Феакцістаўна станоўча адзначыла дзейнасць раённай арганізацыі і яе актыўных членаў, важнасць і патрэбнасць згуртавання, уважліва выслухала прапановы А. Угарэнкі і паабяцала данесці іх да адрасатаў. Таксама яна пажадала былым вязням актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці раёна, часцей сустракацца з моладдзю і данесці да падрастаючага пакалення жахі ваеннага ліхалецця.
Наступнай часткай канферэнцыі стала абранне новага складу праўлення арганізацыі. У выніку адзінадушнага галасавання новым старшынёй стаў Гардзей Кірчанка, які ў чатырохгадовым узросце разам з маці быў вывезены ў Нямеччыну.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.