Салодкае захапленне

Люди

IMG_3456 (Small)Англічане, славутыя ва ўсім свеце сваім дажджлівым і туманным востравам, жартуюць, што ў іх клімат добры, вось толькі надвор’е дрэннае. Вопыт апошніх гадоў паказвае, што і беларусаў надвор’е не песціць. Неспадзяваныя вясновыя халады могуць хутка змяніцца анамальнай летняй спёкай, а працяглыя дажджы нагадваюць англійскія. Усё гэта прыбаўляе праблем земляробам, ускладняючы іх працу. Між тым на днях аўтару радкоў пашчасціла на сустрэчу з чалавекам, які не наракае на дрэннае надвор’е, а проста займаецца любімай справай. Гэта браслаўчанін Яўгеній Міцкевіч.
Многія жыхары горада, ідучы непрыкметнай вулачкай міма яго дома, і не здагадваюцца, што за акуратнай агароджай, якую ўпрыгожвае ўвітая зелянінай арка, размясціўся куточак поўдня, створаны працавітымі рукамі Яўгенія Казіміравіча, — цэлая вінаградная плантацыя. Так, гаспадар — заўзяты вінаградар. Канешне, у Беларусі расце гэтая культура, але асабіста ў мяне словы “беларускі вінаград” раней выклікалі хіба аскоміну, а ўяўленне малявала невялікія гронкі з дробнымі сінімі ягадамі. Аднак гэта было да маёй сустрэчы з Яўгеніем Казіміравічам.
“Экскурсія” пачынаецца з акуратнага дворыка, дзе ў зацішных куточках размяшчаюцца вінаградныя кусты, якія выглядаюць досыць звыкла. Але зусім іншая карціна адкрываецца ў адмысловай, з некалькімі ўваходамі, прасторнай цяпліцы. Абапал роўнымі радамі растуць вінаградныя лозы, а на іх — вялізныя гронкі. Ды якія! Магазінным да іх далёка. Ягады розныя па колеры — светла-зялёныя, ружовыя, сінія, чорныя. Яны спелыя, надзвычай салодкія — сама пераканалася. І практычна ўсе розныя па смаку. Падчас гэтай своеасаблівай дэгустацыі Яўгеній Казіміравіч натхнёна знаёміць мяне з асаблівасцямі вырошчвання вінаграду. Пра свой любімы занятак гаспадар можа гаварыць бясконца. Гэта зараз багаты выбар кніг па тэме, многа інфармацыі ў інтэрнэце, а ён пачынаў з 2 кніг, якія ўдалося на той час адшукаць. Затое сёння Яўгеній Міцкевіч можа даць цэлую кансультацыю па вінаградарстве.
А пачалося такое не зусім звыклае для нашай мясцовасці захапленне … з няўдачы. Калісьці даўно бацька Яўгенія Казіміравіча прывёз з Крыма саджанец. Тая спроба не дала вынікаў — вінаград не прыжыўся. Але ўспамін застаўся ў памяці. І вось каля 25 гадоў таму назад Яўгеній Міцкевіч купіў у Рызе свой першы вінаградны саджанец. З таго часу каля 50 сартоў прайшло праз яго рукі. Пасадачны матэрыял набываў у больш вопытных аматараў у Віцебску, Полацку, Брэсце. Зараз вырошчвае 20 гатункаў вінаграду. Сярод іх Яўгеній Казіміравіч вылучае тэхнічныя і сталовыя. Першыя добра знаёмыя мясцовым жыхарам, адрозніваюцца сакавітымі ягадамі, кіславатым смакам і ідуць на прыгатаванне кампотаў ці дамашняга віна. Гаспадар выкарыстоўвае іх і як элемент дэкору: перад яго домам вінаградная лаза ўтварае сапраўдную альтанку. Догляд за тэхнічнымі сартамі не такі складаны, а ўраджай хоць і ніжэйшы, але пастаянны. Сталовыя ж сарты вінаграду вырошчваюцца дзеля свежых салодкіх ягад і больш “капрызныя”, залежаць ад надвор’я, глебы і нават рэльефа мясцовасці. Па словах Яўгенія Казіміравіча, яму пашанцавала з месцам: вінаград не любіць нізін, а яго дом стаіць на ўзгорку.
На пытанне пра любімы гатунак гаспадар толькі развёў рукамі, маўляў, кожны па-свойму ўнікальны. Але апошнім часам вінаградар перавагу аддае познім сартам, каб можна было даўжэй ласавацца, радаваць сваіх родных да самых маразоў. Дарэчы, у сям’і Яўгеній Казіміравіч, які мае дваіх дзяцей і трох унукаў, знаходзіць поўнае разуменне, жонка ва ўсім падтрымлівае і дапамагае.
Кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Гэтыя словы ўспомніліся, калі гартала сямейны альбом гаспадара, у якім фатаграфіі дзяцей і ўнукаў суседнічаюць са здымкамі іншых яго “гадаванцаў”. Аказваецца, вінаград — не адзінае яго захапленне. Вось куст, увесь усыпаны жоўтымі лімонамі, далей ружы, лілеі, кітайскі лімоннік, актынідыя. Яўгеній Казіміравіч любіць расліны, сам прывівае яблыні, грушы, выгадаваў на дачы грэцкі арэх, розныя сарты чарэшань, вішань, сліў. У дадатак мае яшчэ і пасеку з шасцю дзясяткамі вулляў. Канешне, многа сіл і часу аддае гаспадар, але ж як прыемна бачыць плён сваёй працы, з’есці вырашчанае сваімі рукамі — з гэтым ніякі магазінны прысмак не параўнаць.
Нехта займаецца вінаградам проста дзеля цікавасці, жадання паспрабаваць свае сілы, а для Яўгенія Міцкевіча экзатычныя ягады сталі справай яго жыцця. Магчыма, шаноўныя чытачы, вы таксама захочаце далучыцца да гэтага салодкага захаплення.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.