Сёлетняя восень шчодра надарыла сваімі багаццямі аматараў «ціхага палявання».
З пачатку верасня грыбнікі вярталіся з лесу з поўнымі кошыкамі баравікоў і падасінавікаў, лісічак і махавікоў. Запаслівыя гаспадыні паспелі насаліць, намарынаваць і насушыць іх на зіму. Таму, калі даведаўся, што чацвёрты раённы фестываль «Браслаўскі грыб — 2014» будзе праводзіцца 20 верасня, падумаў: а ці не позна спахапіліся арганізатары мерапрыемства ладзіць конкурс, тым больш, што 2 тыдні стаяла сухое надвор’е і грыбы, як кажуць, ужо адышлі. Аднак, калі раніцай прыехаў да месца збору на турстаянку «Болта», зразумеў, што ў сваіх меркаваннях вельмі памыліўся.
Па-першае, як даведаўся ў час размоў са знаёмымі, многія з іх вырашылі прыняць удзел у спаборніцтве, зыходзячы з алімпійскага прынцыпу: важны не вынік, важны ўдзел. Па-другое ж, калі ўбачыў каманды малаказавода і тубсанаторыя ў спецыяльна падрыхтаваных касцюмах, пераканаўся, што для браслаўчан фестываль «Браслаўскі грыб» — гэта яшчэ і своеасаблівае свята, якое ўвайшло ў іх жыццё нараўне з іншымі шматлікімі мерапрыемствамі, якія ўжо сталі традыцыйнымі.
На пачатак спаборніцтва зарэгістраваліся 16 каманд з прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна і 2 сямейныя. А гэта амаль 100 чалавек. Пасля інструктажу па правілах бяспекі, прасцейшых спосабах арыенціравання і азнаямлення з умовамі спаборніцтва, грыбнікі рушылі ў лес. На збор ім адводзілася 4 гадзіны.
Аматарам «ціхага палявання» арганізатары мерапрыемства прапанавалі паспрачацца за званне лепшага амаль у дзесяці намінацыях: як камандных, так і асабістых.
Хутка праляцеў адведзены час і паціху грыбнікі пачалі прыбываць да месца збору, каб узважыць свае лясныя дары, паглядзець, што назбіралі іншыя. А пакуль вялася гэтая працэдура, работнікі культуры наладзілі забаўляльную праграму з песнямі, танцамі і гульнямі. Тут жа ў гандлёвай кропцы райпа можна было падсілкавацца кулінарнымі вырабамі, пачаставацца бясплатнай юшкай прыгатаванай поварамі аб’яднання грамадскага харчавання.
Урэшце надышоў час даведацца пра самых спрытных і ўдалых. Перад пачаткам урачыстай узнагароды грыбнікоў са святам павітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Спірыдонава, якая затым і ўручыла пераможцам кубкі і прызы.
У камандным заліку пераможцамі сталі грыбнікі з райпа (41 кг), другое месца занялі хлебазавадчане (32 кг), трэцяе — каманда торфазавода (28 кг).
Генрыха Пятушка з райпа атрымала прыз за самы вялікі баравік, які заважыў больш кілаграма, а яе калега Людміла Бабенка перамагла ў намінацыі «Самы ўдачлівы», яе «ўлоў» пацягнуў на 13 кг. Аж 30 баравікоў знайшла Ірына Сафронава.
Каманда малаказавода атрымала прыз за лепшае касцюміраванне, а самай юнай удзельніцай была Мілана Казлоўская (2,5 года). Заахвочвальнымі прызамі за касцюмы былі ўзнагароджаны і яшчэ 2 юных удзельнікі грыбнога фестывалю Дзіслаў Вапручкоў і Лізавета Сакалова.
Такім чынам можна сказаць, што людзі прыехалі на мерапрыемства не дарма: хтосьці папоўніў на зіму свае грыбныя запасы, а хто набраўся зараду здароўя і бадзёрасці.
Аляксандр Азевіч, фота аўтара.