“Фінансавая” алімпіяда

Главное

IMG_3549 (Small)З мэтай павышэння фінансавай граматнасці насельніцтва Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі нашай краіны праводзяць шэраг разнастайных мерапрыемстваў для розных узроставых груп. Так, у нашым раёне ўжо прайшлі выстава дзіцячых малюнкаў і адпаведныя ўрокі на фінансавую тэматыку для малодшых і сярэдніх школьнікаў. А для навучэнцаў 10-11-х класаў агульнаадукацыйных устаноў сёлета ўпершыню была арганізавана алімпіяда па фінансавай граматнасці.
Раённы этап вузканакіраваных інтэлектуальных спаборніцтваў адбыўся ў мінулую суботу на базе Браслаўскай гімназіі. Мерапрыемства праходзіла пры ўдзелу прадстаўнікоў ЦБП №205 у г. Браславе філіяла №214 АСБ “Беларусбанк” у г. Наваполацк, РКЦ №5 у г.Браславе філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” у г.Глыбокае, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Намеснік начальніка апошняга Антаніна Абалевіч, адкрываючы мерапрыемства, адзначыла, што веды ў вобласці фінансаў займаюць важнае месца ў нашым жыцці, бо тычацца вельмі актуальных яго аспектаў. “Яны дазваляюць не толькі пазбегнуць шэрагу памылак і страт, але і даюць магчымасць убачыць новыя перавагі і цікавыя перспектывы. Даказана, што людзі, якія ўмеюць граматна распараджацца грашыма, дасягаюць большых вышынь і ў рабоце, і ў жыцці ўвогуле”, – натхняла старшакласнікаў А. Абалевіч.
Удзельнікамі алімпіяды, дарэчы, былі 50 чалавек з пяці ўстаноў адукацыі Браслаўшчыны: гімназіі, Відзаўскай сярэдняй школы, Ахрэмаўскай дзіцячы сад – сярэдняй школы, Браслаўскіх першай і другой школ. Сам іспыт праходзіў у форме тэсціравання працягласцю 45 мінут.
У выніку беспрэцэдэнтнай, па словах журы, барацьбы былі вызначаны пераможцы. Так, з прычыны аднолькавай колькасці набраных балаў, другое і трэцяе месца падзялілі навучэнка 10 класа першай школы Юлія Юхневіч і адзінаццацікласнік з гімназіі Антон Кук’ян. А бясспрэчным пераможцам алімпіяды стаў Генадзій Блізняцоў – таксама вучань 11-га класа гімназіі. З рук намеснікі дырэктара ЦБП № 205 АСБ “Беларусбанк” Наталлі Хір’янавай усе пераможцы атрымалі адпаведныя дыпломы і памятныя падарункі. А Г. Блізняцоў яшчэ памятную манету Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь “Беларусбанк 90 гадоў” і права прадставіць Браслаўшчыну на абласным этапе алімпіяды па фінансавай граматнасці, якая пройдзе ў кастрычніку ў Віцебску.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
Здымак: Н. Хір’янава ўзнагароджвае пераможцу алімпіяды Г. Блізняцова.IMG_3542 (Small)