Здароўе браслаўчан – у надзейных руках

Новости

_MG_5364 (Small)Шостая чарговая сесія Браслаўскага раённага Савета Дэпутатаў 27 склікання адбылася ў мінулы аўторак і была выязной. Асноўны пункт парадку дня тычыўся арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву і выканання Закона Рэспублікі “Аб ахове здароўя” ў Браслаўскім раёне. З гэтай нагоды перад пасяджэннем дэпутаты на свае вочы пабачылі, як жыхарам Браслаўшчыны аказваюцца медыцынскія паслугі. Яны наведалі Опсаўскую ўрачэбную амбулаторыю і Пагашчанскі ФАП, азнаёміліся з ходам рамонту і тэхнічнага перааснашчэння Браслаўскай ЦРБ.
Галоўны ўрач Цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Макарэвіч у сваім дакладзе адзначыў, што ў структуру раённай сістэмы аховы здароўя ўваходзяць ЦРБ, Відзаўская ўчастковая бальніца, Друеўская бальніца сястрынскага догляду, 4 амбулаторыі, 2 аддзяленні хуткай дапамогі, 28 ФАПаў. Амбулаторна-паліклінічная дапамога насельніцтву аказваецца па 18 спецыяльнасцях. У арганізацыях аховы здароўя раёна працуе 67 урачоў, укамплектаванасць сяла кваліфікаванымі медкадрамі складае 87,5%. Агульная патрэба ў кадрах на сённяшні дзень складае 4 чалавекі: у раёне не хапае хірурга, дэрматавенеролага, двух анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Летась да нас былі накіраваны 9 маладых спецыялістаў, 8 з іх ужо працуюць. У наступным годзе пасля праходжання інтэрнатуры да працы прыступяць яшчэ 9, што дазволіць цалкам закрыць патрэбу ЦРБ ва ўрачэбных кадрах. Нягледзячы на неблагую замацаванасць маладых медработнікаў у раёне, штогод калектыў пакідаюць медыкі, чый тэрмін абавязковай адпрацоўкі скончыўся. Асноўныя прычыны таму – рост матэрыяльных патрэб моладзі, адсутнасць жылля, цяжкасці з адаптацыяй у сельскай мясцовасці.
У 2013-2014 г.г. захоўваецца праграмна-мэтавае фінансаванне аховы здароўя з прыярытэтам сацыяльна-абароненых артыкулаў расходаў. Па выніках мінулага года выкананне бюджэту склала 105,7% (пры планавых асігнаваннях у 42 мільярды рублёў фактычна выдзелена 44,4 млрд.) На бягучы год выдаткавана 54,7 мільярда і за 6 месяцаў ужо засвоена 24,3 мільярда, ці 44,4%. Крэдыторская запазычанасць адсутнічае. Сярэдняя заработная плата па ўстанове за 7 месяцаў бягучага года склала 3714,7 тыс.руб. ці $364, у тым ліку па ўрачах – 7635,6 тыс.руб., па сярэдняму медперсаналу – 3840,0 тыс.руб.
У апошнія гады значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база ЦРБ. Летась на набыццё абсталявання, сярод якога медыцынская і камп’ютарная тэхніка, затрачана 359,2 мільёны рублёў. Сёлета за кошт спонсарскай дапамогі ў нашых медыкаў з’явілася відэаэндаскапічная сістэма коштам 142,3 мільёны рублёў. Міністэрствам аховы здароўя раёну выдзелена абсталявання больш за мільярд рублёў (кювез для нованароджаных, апарат падагрэву крыві, ЭКГ-апарат, апарат рэнтгенаўскай дыягностыкі і іншае). Праведзены капрамонт Урбанскага ФАПа, бягучы рамонт 3 паверха паліклінікі і рэнтгенкабінета. Усе асвятляльныя прыборы заменены на энергазберагальныя.
За 7 месяцаў бягучага года Браслаўскай ЦРБ аказана платных паслуг на суму 1 517,2 мільёна рублёў, што складае 116% адносна мінулагодняй лічбы. Экспарт медпаслуг склаў $12,5 тысячы (тэмп росту 125%).
Медыкі пастаянна вядуць прафілактычную дзейнасць. З мэтай ранняй дыягностыкі і павялічэння працягласці жыцця праводзіцца дыспансерызацыя, праф- і медагляды, у тым ліку дзяцей. За першае паўгоддзе на кругласутачных койках пралечана 2704 чалавекі (92,1% адносна мінулагодняга паказчыка). Агульны ўзровень гаспіталізацыі крыху паменшыўся і склаў 99,9% да леташняй лічбы. Увогуле, дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў сферы аховы здароўя ў нашым раёне выконваюцца.
Аднак, нягледзячы на поспехі, ёсць і праблемы. Так, смяротнасць па-ранейшаму перавышае нараджальнасць. Сёлета зарэгістравана 3 выпадкі дзіцячай смяротнасці. У агульнай структуры прычын смяротнасці пераважаюць хваробы сістэмы кровазвароту, старасць, новаўтварэнні. Адзначаецца невялікі рост колькасці смярцей у працаздольным узросце. Патрабуюць павышанай увагі пытанні алкагалізацыі насельніцтва. З гэтай нагоды намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Андрэй Андрушкін, які ўдзельнічаў ў пасяджэнні, заклікаў прадстаўнікоў розных сфер і ведамстваў аб’яднацца ў справе фарміравання здаровага ладу жыцця грамадзян.
З мэтай далейшага ўдасканалення аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву Браслаўшчыны неабходна ўмацоўваць матэрыяльную базу ўстановы, павышаць інтэнсіўнасць лячэбнага працэсу праз укараненне сучасных тэхналогій, больш рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы і вучыць персанал. Менавіта ў гэтых накірунках і будзе развівацца раённая сістэма аховы здароўя ў бліжэйшыя гады.
З садакладам выступіла галоўны санітарны ўрач раёна Вольга Рудакова. У абмеркаванні пытання таксама прынялі ўдзел старшыня Опсаўскага сельвыканкама Ала Даніліна, урач Ахрэмаўскай амбулаторыі Таццяна Канаўка і намеснік старшыні КСН райвыканкама Жанна Скур’ят.
Старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў у сваім выступленні падкрэсліў, што і выканаўчыя ўлады, і дэпутацкі корпус заўсёды надавалі вялікую ўвагу пытанням аховы здароўя. “ЦРБ пастаянна працуе над паляпшэннем якасці медыцынскага абслугоўвання. Вядома, недахопы ёсць, аднак работа нашых медыкаў заслугоўвае станоўчай ацэнкі, што пацвярджаюць і вынікі апытання насельніцтва,” – рэзюмаваў ён.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара._MG_5372 (Small) IMG_5351 (Small)