Прафесійнасць і руплівасць ацэньваюцца па заслугах

Главное

IMG_3508 (Small)Мытня адносіцца да тых дзяржаўных органаў, чыя служба, як у вядомай песні, “на первый взляд как-будто не видна”. Тым не менш мытныя пошліны, падаткі і зборы з’яўляюцца істотнай крыніцай папаўнення дзяржаўнага бюджэту Беларусі. І, безумоўна, за ўсімі паказчыкамі і лічбамі стаяць канкрэтныя супрацоўнікі мытнай службы, якія прысвяцілі сябе абароне эканамічных інтарэсаў нашай краіны і надзейна абараняюць дзяржаву ад парушальнікаў мытнага заканадаўства. Адзін з іх інспектар мытнай службы І рангу Сяргей Калашнікаў.
У дзяцінстве хлопчык марыў пра вялікія караблі і падарожжы, таму пасля заканчэння Мяжанскай школы выправіўся пакараць паўночную сталіцу былога Савецкага Саюза. Пасля заканчэння Ленінградскага караблебудаўнічага інстытута С. Калашнікаў 10 гадоў адпрацаваў на Балтыйскім заводзе, дзе ўзводзіў вялікія прыгожыя марскія лайнеры.
Але радужныя планы на будучыню і ўпэўненасць у заўтрашнім дні перакрэсліла незразумелая і жахлівая з’ява — перабудова. Таму разам з сям’ёй Сяргей Аляксеевіч вярнуўся на Браслаўшчыну, дзе давялося змяніць поле дзейнасці. І вось ужо амаль 20 гадоў ён стаіць на варце інтарэсаў сваёй радзімы. З таго часу з навічка ён вырас у вопытнага прафесіянала, дасканала вывучыў усе тонкасці мытнай службы і сёння з’яўляецца адным з лепшых супрацоўнікаў.
— За час работы на мытне, — характарызуе свайго падначаленага намеснік начальніка Браслаўскага мытнага паста Валерый Каралюк, — Сяргей Аляксеевіч паказаў сябе граматным, добрасумленным і старанным супрацоўнікам, які самастойна вырашае шэраг значных для зладжанай работы мытнікаў пытанняў.
Рацыянальнае выкарыстанне цяпла, вады, электраэнергіі, паліўна-энергетычных рэсурсаў Браслаўскага мытнага паста — усе гэтыя задачы таксама галаўны боль інспектара мытнай службы І рангу. І, дзякуючы яго прафесіяналізму і старанню, на працягу апошніх гадоў па ўсіх відах рэсурсаў дасягаюцца значныя паказчыкі па эканоміі.
Акрамя гэтага, С. Калашнікаў прымае актыўны ўдзел у развіцці інфраструктуры мытнага паста, забеспячэнні бесперабойнага функцыяніравання пагранічнага пункта пропуску “Урбаны”.
За адказныя адносіны да работы, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства Сяргей Аляксеевіч неаднойчы ўзнагароджаны граматамі, а сёлета яму ўручаны медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені за подпісам Прэзідэнта краіны.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.