“П’е, не працуе”

Главное

chto-delat-esli-muzh-pet-Менавіта такая фармуліроўка часцей за ўсё гучала падчас чарговага сумеснага пасяджэння назіральнай камісіі і савета грамадскага пункта, якое адбылося ў мінулы чацвер. Так супала, што цяпер у раёне праводзіцца адразу некалькі прафілактычных акцый, сярод якіх “Альтэрнатыва”, “Стоп насілле” і комплекс мер, накіраваных на прафілактыку злачыннасці супраць жыцця і здароўя грамадзян. Таму і асновай пасяджэння стала разгляданне спраў нядбайных жыхароў нашага раёна.
Як паведаміў начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Анатоль Пабяржын, агульная крымінагенная сітуацыя ў раёне застаецца стабільнай і росту рэцыдыўнай злачыннасці не адзначаецца. У той жа час занепакоенасць выклікае пэўнае павелічэнне колькасці правапарушэнняў, учыненых раней судзімымі асобамі, якія цяпер не занятыя ні працай, ні навучаннем. З гэтай нагоды на першы план выходзіць арганізацыя занятасці падкантрольных грамадзян. А тут існуюць праблемы: з аднаго боку яны і самі не надта жадаюць працаваць, а з другога – наймальнікі бяруць іх, мякка кажучы, неахвотна. Тым не менш, вырашаць пытанні па працаўладкаванні неабходна, бо ў выніку ад такіх намаганняў – толькі карысць.
Усяго на пасяджэнні, у якім, дарэчы, удзельнічалі пракурор раёна Юрый Кезік і прадстаўнік духавенства ксёндз Станіслаў, разгледзелі справы семнаццаці грамадзян. Трэба сказаць, што ўсіх, хто стаяў у той дзень перад членамі камісіі, па-ранейшаму аб’ядноўвае празмерная любоў да чаркі і трывалае нежаданне працаваць, па меншай меры афіцыйна. Многія пры гэтым з’яўляюцца абавязанымі асобамі. Згадзіцеся, такое стаўленне да ўласнага жыцця шкодзіць не толькі сабе, але і грамадству.
Вось некалькі самых яскравых прыкладаў. Нідзе не працуючы мужчына жыве з бацькамі-пенсіянерамі, злоўжывае спіртным і ўжо на чацвёртым дзясятку “прыдбаў” цыроз печані. Тым не менш ён з групай аднадумцаў па раніцах працягвае штурмаваць вядомы магазін. Другі браслаўчанін жыве з маці, таксама моцна злоўжывае, а калі ў апошні раз працаваў і сказаць дакладна не можа, бо было гэта каля дзесяці год таму назад. Нічога, акрамя неразумення, не выклікае жыццёвая пазіцыя яшчэ аднаго мужчыны – бацькі пецярых дзяцей, які замест таго, каб годна забяспечваць сваю вялікую сям’ю, п’е і ўчыняе скандалы.
На вялікі жаль вышэй акрэсленыя характарыстыкі ў поўнай меры можна экстрапаліраваць і на некаторых жанчын. Адна з такіх прыхільніц зялёнага змею толькі і шукае прычыну, каб у чарговы раз прагуляць працу. Цяпер “ледзі”, якая, дарэчы, абавязана працаваць, згодна з Дэкрэтам №18, задавольваецца тым, што ёсць. А яшчэ не так даўно яе працаўладкавалі ў моцную гаспадарку і нават далі неблагое жыллё. Другая – адзіная ў раёне абавязаная асоба з вышэйшай адукацыяй – стопрацэнтны кандыдат на хуткае накіраванне ў ЛПП.
Такім чынам, праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца супрацоўнікам міліцыі, членам назіральнай камісіі і грамадскага пункта, ад разу ў раз адны і тыя ж. Аднак людзям, якімі б яны не былі, імкнуцца дапамагчы. Наколькі гэтыя намаганні ацэнены з боку аб’ектаў прафілактыкі – іншае пытанне, аднак калі хоць хтосьці з іх задумаецца і выправіць сваё жыццё, можна будзе казаць пра эфектыўнасць такога кшталту работы.
Вяртаючыся да галоўнай тэма артыкула, варта дадаць, што з мэтай папярэджання сямейнага насілля працуе тэлефон бясплатнай гарачай лініі 8-801-100-8-801. Таксама можна звяртацца ў міліцыю па тэлефоне 102.
Заслухалі на пасяджэнні і справаздачы наконт прафілактыкі п’янства і алкагалізма сярод работнікаў Браслаўскага ПМС і ААТ “Мяжаны”. У абодвух выпадках работа прызнана нездавальняючай, намечаны шляхі вырашэння праблемы.

Вячаслаў Каладынскі.