У часы, калі Браслаўшчына знаходзілася ў складзе Польшчы, пры новым старасце Зеліславе Янушкевічу, у рэгіёне паступова пачалі развівацца парусны і байдарачны спорт, з’явіліся першыя прыстані. Ужо ў 30-х гадах мінулага стагоддзя гэта было пастаўлена на гаспадарчыя рэйкі, для турыстаў стварылі самую патрэбную інфраструктуру. У савецкі ж час былі пабудаваны турбаза і арганізаваны стаянкі, распрацоўваліся байдарачныя маршруты. Але тэма рэгаты часова прыціхла. Таму вельмі прыемнымі для гараджан і гасцей горада сталі звесткі пра аднаўленне такога відовішчнага віду спорту. Так, некалькі апошніх гадоў на Дрывятах праводзіліся парусныя спаборніцтвы. Але сёлета яны набылі іншы маштаб, з’явілася надзея на стварэнне ў Браславе ўласнага яхт-клуба.
Адзел адукацыі, спорту і турызму пры падтрымцы райвыканкама і федэрацыі паруснага спорту арганізаваў міжнародныя спаборніцтвы ў двух класах суднаў – “Мікра” (яхту гэтага класа, якой штогод кіруе Браніслаў Юран, можна было пабачыць улетку на Дрывятах) і “Аптыміст” (невялікія аднамясцовыя яхты, якія выкарыстоўваюцца для навучання дзяцей). На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў падкрэсліў важнасць такой падзеі для нашага краю і станоўчы ўплыў на развіццё брэнда горада, як азёрнага рэгіёна рэспублікі. Па яго словах, гэта павінна прыцягнуць яшчэ большую ўвагу турыстаў, сфарміраваць шматпланавы спартыўны імідж Браслава.
У першы дзень спаборніцтваў надвор’е не дужа спрыяла спартсменам, бо вецер дасягаў усяго 1 метра ў секунду. Гэтага было недастаткова для актыўнага руху яхтаў. Але ўсё ж неўзабаве маленькія яхтсмены з Мінска, Гродна, Гомеля і Рыгі выйшлі на возера і паўдзельнічалі ў першым этапе гонкі. У пэўных кропках знаходзіліся буі, вакол якіх павінны былі прайсці судны. Шчыра кажучы, без бінокля было складана зразумець, што адбываецца на возеры, таму на наступны дзень я захапіў з сабой гэтую прыладу, і зразумеў, што кіраваць яхтай вельмі няпроста. Былі моманты, калі падавалася, што маленькі карабель вось-вось заваліцца на бок. Але дзеці спраўляліся з кіраваннем, і па-майстэрску абыходзілі перашкоды. Найбольш здзівіў мяне той факт, што сярод маленькіх гадаванцаў яхт-клубаў (13-15 гадоў) былі кандыдаты ў майстры спорту. Гэта паказвае, што ўзровень беларускіх спартсменаў вельмі высокі.
Зрэшты, назіраючы за тым, як маленькія судны рассякаюць водную прастору, думалася, чаму ў нашым горадзе нельга стварыць гурток для дзяцей. Канешне, гэта не самы танны від спорту, але вялізная колькасць азёраў у нашым краі спрыяе, каб тут нараджаліся самыя таленавітыя яхтсмены. І такая магчымасць у нас ёсць. Сёлета, напрыклад, вялікую дапамогу ў арганізацыі рэгаты аказалі дырэктар рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі Генадзь Запольскі-Доўнар і старшыня РГА “Беларуская федэрацыя паруснага спорту” Ігар Рачкоўскі.
На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ў гімназіі павіншавалі самых спрытных спартсменаў. У класе “Аптыміст” у сваіх узроставых катэгорыях першыя месцы ўзялі Даніла Фафанаў, Кацярына Санько, Платон Комлеў і Таццяна Несцеркіна, а ў класе “Мікра” перамог экіпаж у складзе Юрыя Мухіна, Уладзіміра Родзіна і Уладзіміра Казакевіча.
Такім чынам годны пачатак добрай справе ёсць. Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе Дрывяты зноў прымуць яхтсменаў і стануць месцам для правядзення штогадовых міжнародных спаборніцтваў, а ў будучым з’явіцца і мясцовая каманда.
Галляш Сялява.
Фота аўтара.