На мінулым тыдні на працягу дзвюх гадзін у зале пасяджэнняў райвыканкама Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Пётр Міклашэвіч праводзіў прыём грамадзян.
На прыём да яго запісаліся толькі тры жанчыны, што сведчыць пра цесную зваротную сувязь мясцовых органаў улады з насельніцтвам у вырашэнні паўсядзённых праблем.
Дзве сталыя жанчыны, адна жыхарка агр. Ахрэмаўцы, другая з Браслава, прыйшлі на прыём са сваімі даўнішнімі пытаннямі, разгляд якіх ні ў мясцовых органах, ні ў судовым парадку, прычым на самых высокіх узроўнях, іх не задавальняе.
Пётр Міклашэвіч уважліва выслухаў іх скаргі, разгледзеў стос дакументаў, якія жанчыны прынеслі з сабой. Пасля чаго цярпліва патлумачыў першай наведвальніцы, што дзяржаўныя органы выконваюць толькі тыя функцыі, якія ўскладзены непасрэдна на іх і рашаюць праблемы ў сваёй кампетэнцыі і дадаў, што надуманыя правы закон не абараняе. Другой жанчыне Пётр Пятровіч нагадаў пра паняцце даўнасці ў судовай справе, параіў падаць у раённы суд новы іск і напісаць заяву на імя Генеральнага пракурора для разгляду яе справы.
Вельмі здзівіў візіт маладой працаздольнай жанчыны, жыхаркі г.п. Відзы, якая літаральна патрабавала ад Старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь прадаставіць работу ёй, яе сястры і брату. Сёння яны жывуць на пенсію маці, і, безумоўна, гэтых грошай на жыццё не хапае. Наведвальніца спасылалася на той факт, што іх не хоча працаўладкаваць ні адна арганізацыя раёна. Да таго ж, як абмовілася сама жанчына, такая сітуацыя склалася з імі і ў Пастаўскім, і ў Вернядзвінскім раёнах. І пры гэтым яна абвінавачвала ўсіх, толькі не сябе. Як высветлілася не аднойчы яны стаялі на ўліку па беспрацоўі ў сацыяльнай службе занятасці насельніцтва, але не жадалі выконваць элементарныя патрабаванні.
Нават было непрыемна назіраць збоку, як маладая жанчына ў агрэсіўнай форме скардзілася, што ніхто не дае ім работу ў той час, як у сельскай гаспадарцы працавітых рук катастрафічна не хапае. Толькі ці працавітыя рукі ў гэтай жанчыны.
Пётр Міклашэвіч разам са старшынёй райвыканкама Сяргеем Шматавым сустрэўся і з працоўным калектывам Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК. Падчас размовы ён патлумачыў структуру, задачы і функцыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. Адказаў на пытанні. Адно з іх тычылася змен у законе аб карупцыі, а другое — змянення закупачных цэн на сельгаспрадукцыю. Адказваючы на апошняе пытанне, Пётр Пятровіч зазначыў, што ў бліжэйшы час плануецца павышэнне цэн на закупку прадукцыі. Але трэба разумець і тое, што і нарыхтоўшчыкі, і пераапрацоўшчыкі тыя ж самыя спажыўцы. І павышэнне закупачных цэн на сыравіну, у тым ліку сельгасгаспадарчую, абавязкова пацягне за сабой рос цэн на канчатковую прадукцыю, што нікога не задавальняе. Таму палітыка цэнаўтварэння заўжды ўзважаная.