Музыка і святочны настрой віталі ў паветры каля будынка раённай бібліятэкі ў мінулую пятніцу. Нават, капрызуля-восень падаравала віноўнікам урачыстасці сонечны прыгожы дзянёк. Ды і прахожыя з цікавасцю далучаліся да ўдзельнікаў свята, якія сабраліся ў двары духоўнай скарбніцы культуры, каб адзначыць адразу дзве значныя падзеі — Дзень бібліятэк і 70-годдзе цэнтральнай бібліятэкі.
На свята завіталі прадстаўнікі ўлады, адукацыі і культуры, сябры, госці і, вядома ж, бібліятэкары з усяго раёна, каб успомніць мінулае, расказаць пра сучасную бібліятэчную дзейнасць.
Напачатку ўрачыстасці старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская ад імя ўлады і сябе асабіста павіншавала прысутных з прафесійным святам. Яна падкрэсліла, што праца бібліятэкара ва ўсе часы была непасрэдна звязана з асветай, а на Браслаўшчыне да яе заўсёды ставіліся адказна. Пасля слоў віншавання Н. Пучынская ўручыла дырэктару ЦБС Вользе Ляснеўскай Ганаровую грамату ад старшыні райвыканкама.
Словы віншавання і падзякі за плённую працу, прафесійнае майстэрства гучалі і ад намесніка старшыні райвыканкама Іны Лысенка. А Галіна Кандратовіч і Соф’я Умпіровіч атрымалі з рук Іны Феакцістаўны падзякі старшыні райвыканкама.
Не абмінуў сваёй увагай свята рыцараў яе Вялікасці кнігі і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Яго начальнік Наталля Спірыдонава таксама прыйшла выказаць словы падзякі, віншавання і адзначыла граматай аддзела высокі ўзровень работы Вольгі Лакотка.
70 гадоў… Многа гэта ці мала? Нават чалавек, падыходзячы да гэтай даты, падводзіць вынікі, успамінае мінулае і задумваецца пра тое, што чакае наперадзе. А для бібліятэкі гэта жыццё цэлага пакалення.
Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў, дзякуючы ўспамінам былых супрацоўнікаў і матэрыялам музейных архіваў, у цэнтральнай бібліятэцы вядзецца летапіс падзей, слаўных спраў і дасягненняў. І налічвае ён ужо тры вялікія тамы.
Разам з мудрым архіварыусам удзельнікі ўрачыстасці перагарталі асобныя старонкі бібліятэчнага летапісу.
Да 1939 г. на ўвесь Браслаўскі павет была адна публічная бібліятэка, якая насіла назву “кнігарня”. Размяшчалася яна ў Браславе на вул. Юзафа Пілсудскага ( вул. Ленінская). Кнігі ў асноўным былі на польскай мове.
Пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ў нашым горадзе адчынілася новая бібліятэка. У вёсках раёна пачалі стварацца хаты-чытальні, якія налічвалі ў сваіх фондах больш за 4 тыс. кніг. У час нямецкай акупацыі кніжны фонд бібліятэк быў знішчаны.
Пасля вызвалення Браслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на аснове рашэння райвыканкама ад 5 верасня была адчынена Браслаўская раённая бібліятэка, а таксама 4 сельскія хаты-чытальні. Дакументы аб адкрыцці бібліятэкі адшукаць не ўдалося. Захавалася толькі кніга загадаў па Браслаўскім РАНА пра назначэнне загадчыцай бібліятэкі грамадзянкі Калмыкавай і бібліятэкарам Веры Шапіра. Бібліятэка размяшчалася па вул. Энгельса. Пачатковы кніжны фонд быў скамплектаваны за кошт кніг, сабраных сярод насельніцтва і прысланых бібліятэкарамі Масквы і Урала.
Сучасная цэнтральная бібліятэка — гэта не проста кнігасховішча. Сёння гэта шматфункцыянальная ўстанова культуры, інфармацыйны і асветніцкі цэнтр, які ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу і запытам розных сацыяльных слаёў насельніцтва шырока і актыўна ўкараняе ў сваю дзейнасць інфармацыйныя тэхналогіі.
Арганізатары свята не пакінулі без увагі ветэранаў працы, якія на працягу доўгага прафесійнага жыцця штодзённа сагравалі сваім добрым настроем, душэўнай цеплынёй і ўсмешкай сваіх чытачоў. У іх адрас гучала шмат цёплых і ўдзячных слоў. Усе яны атрымалі ў падарунак кветкі. Сваімі ўспамінамі пра мінулыя прафесійныя будні падзялілася з прысутнымі Валянціна Лёўкіна, якая вялікую частку свайго жыцця і часцінку свайго шчодрага сэрца аддала бібліятэчнай справе і роднай бібліятэцы.
Эстафету віншаванняў прадоўжылі дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Антаніна Абалевіч, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Альберт Бялусь і педагогі ўстановы, удзельніца клуба “Сустрэча” Людміла Гаран, артысты з РДК.
З імправізаванай сцэны гучалі песні і прыпеўкі. І ўсё гэта ў выкананні бібліятэкараў з усіх куткоў раёна. Гледзячы на цікавыя і захапляльныя нумары мастацкай самадзейнасці, яшчэ раз упэўніваешся, што бібліятэкары — творчыя людзі, з запалам і агеньчыкам у вачах. Шмат прыемных, пяшчотных хвілін ўдзельнікам свята прынесла выступленне юных сяброў кнігі.
А каб выказаць сваю любоў і павагу да бібліятэкі, прысутныя здзейснілі своеасаблівы флэш-моб “Абдымі сваю бібліятэку”. Усе ўзяліся за рукі і акружылі скарбніцу мудрасці чалавечай у шчыльнае кальцо.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.