Бібліятэчная прастора Ірыны Макарэвіч

Люди

IMG_3393 (Small)Шмат творчых, ініцыятыўных людзей працуе ў цэнтральнай бібліятэцы. Сярод іх і Ірына Макарэвіч. Пра такіх кажуць — чалавек на сваім месцы.
Больш за 15 гадоў таму назад Ірына Георгіеўна пераступіла парог сховішча мудрасці чалавечай і да сённяшняга дня з’яўляецца яго надзейнай захавальніцай і шукальніцай новых пазнавальных калекцый. Пачынала метадыстам. А зараз вось ужо чацвёрты год узначальвае аддзел бібліятэчнага маркетынгу — галоўны генератар новых ідэй, творчую лабараторыю новаўвядзенняў бібліятэкі.
— Кніга заўсёды, — кажа І. Макарэвіч, — была ў нашай сям’і на пачэсным месцы. Таму абраная работа толькі падагравае інтарэс да знаёмства з разнастайнай літаратурай.
Безумоўна, быць загадчыцай мазгавога цэнтра бібліятэчнай сістэмы справа складаная і працаёмкая. Даводзіцца вучыцца больш, чым астатнім, быць у курсе інавацый, назапашваць ідэі, укараняць іх у жыццё і дапамагаць іншым. Але для творчай і ініцыятыўнай супрацоўніцы храма кніг гэта не складае вялікіх цяжкасцей.
Энергічны граматны спецыяліст Ірына Георгіеўна заўсёды ў пошуку новых форм работы. Дарэчы, менавіта яна з’яўляецца пачынальнікам і складальнікам цікавых гістарычных буклетаў. За апошні час пад яе кіраўніцтвам аддзелам распрацавана больш за 60 відаў друкаванай прадукцыі, асноўнай тэматыкай якіх з’яўляюцца падзеі, факты і людзі Браслаўшчыны.
— Канешне, ажыццяўленне шматлікіх напрамкаў дзейнасці, – адзначае І. Макарэвіч, — немагчыма без зладжанай высокаарганізаванай работы ўсяго нашага творчага калектыву.
На чале са сваёй загадчыцай супрацоўнікі аддзела арганізуюць конкурсы прафесійнага майстэрства, святы бібліятэкара, семінары, нарады, дэкады, тыдні, публікацыі ў газетах і часопісах, вытворчую вучобу, выезды ў сельскія бібліятэкі для аказання метадычнай і практычнай дапамогі, распрацоўваюць метадычныя матэрыялы і сцэнарыі.
Падарожжы, экскурсіі па знакамітых мясцінах раёна, вобласці, рэспублікі, які арганізуе аддзел, дазваляюць бібліятэкарам пашырыць свой кругагляд, абмяняцца вопытам з калегамі іншых ЦБС. Акрамя гэтага, лічыць І. Макарэвіч, сумесныя вандроўкі з’яўляюцца дзейснай формай работы з кадрамі, якая дазваляе ўмацаваць адносіны ў калектыве, раскрыцца творчаму патэнцыялу работнікаў.
Ірына Георгіеўна — патрабавальны, прынцыповы, але ў той жа час справядлівы і ўважлівы кіраўнік. Яна ўмее знайсці індывідуальны падыход да кожнага супрацоўніка, абавязкова дапаможа і падкажа. Менавіта таму ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу пануе дзелавая і добразычлівая атмасфера.
Як адзначыла Вольга Ляснеўская, мэтанакіраваная і эрудзіраваная І. Макарэвіч ва ўсіх сваіх пачынаннях дабіваецца поспеху, па-дзелавому вырашае важныя прафесійныя пытанні і душой хварэе за любімую работу.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.