Крыніца ведаў і духоўнасці народа

Люди

IMG_3389 (Small)Неад’емнай часткай нацыянальнай культуры, вышыні якой бяруць пачатак ад першай друкаванай кнігі Францыска Скарыны, з’яўляюцца бібліятэкі. Менавіта яны лічацца сапраўднымі яе скарбніцамі, крыніцамі ведаў і духоўнасці народа.
Сёлета цэнтральнай бібліятэкі спаўняецца 70 гадоў. За гэты перыяд яна прайшла складаны, але цікавы і плённы шлях. Пра тое, як жывуць бібліятэкары Браслаўшчыны, як задавальняюць попыт насельніцтва ў разнастайнай інфармацыі, карэспандэнт газеты Алена Пятушка распытала дырэктара Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Вольгу Ляснеўскую.
— Вольга Анатольеўна, раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой сучасная ЦБС?
— Гэта аб’яднаныя ў адну сістэму 31 бібліятэка, паслугамі якіх карыстаюцца больш за 17 тыс. чалавек. Кніжны фонд ЦБС налічвае 330 тыс. экземпляраў. Кожны год ён павялічваецца, атрымліваем вялікую колькасць сацыяльна-значымай літаратуры. Створана 5 публічных Цэнтраў прававой інфармацыі, набыты 34 камп’ютары. Сёлета бібліятэчная сістэма атрымала статус юрыдычнай асобы.
— У апошні час бібліятэкі ўсё актыўней укараняюць платныя паслугі. А што робіцца ў гэтым накірунку ў ЦБС?
— На сённяшні дзень гарадская і сельскія бібліятэкі аказваюць 36 відаў паслуг. Найбольш запатрабаваны ксеракапіраванне, карыстанне інтэрнэтам і факсам, ламініраванне.
— Ахарактарызуйце, калі ласка, партрэт сённяшняга карыстальніка бібліятэк.
— Гэта граматны, адукаваны чалавек, які жыве ў рэжыме анлайн, добра арыентуецца ў літаратуры. Безумоўна, найперш запатрабавальны дэтэктывы, жаночыя раманы і прыгоды, але разам з тым узрасла цікавасць да класічных твораў і кніг беларускіх аўтараў. Сярод школьнікаў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца творы па школьнай праграме і сучасных аўтараў.
— Час патрабуе новых метадаў і падыходаў да работы. Што робіць у гэтым накірунку калектыў ЦБС?
— Уся работа бібліятэк будуецца на творчым, інавацыйным падыходзе да справы, укараненні ідэй прэстыжнасці чытання, фарміраванні інтэлектуальных трэндаў, ператварэнні бібліятэк ва ўстановы, дзе можна атрымаць інфармацыю на любым носьбіце, цікава і карысна правесці час. Супрацоўнікі бібліятэк раёна шукаюць новыя ўзаемаадносіны з карыстальнікамі, новыя рашэнні па арганізацыі бібліятэчнай прасторы і раскрыццю фондаў, новыя формы і прапаганды чытання. Лічу, што ў нас добра пастаўлена выдавецкая дзейнасць, якая сёлета папоўнілася новымі выданнямі з легендамі і паданнямі Браслаўшчыны, гістарычнымі даведнікамі населеных пунктаў, новай серыяй буклетаў “Гераічныя імёны”. Карыстаецца папулярнасцю сярод насельніцтва і паслугі бібліёбуса, які за адзін маршрут абслугоўвае чытачоў ад 5 да 8 вёсак.
— Мяркуючы па вашым расказе, Браслаўская ЦБС ідзе ў нагу з часам, а значыць, і мае здабыткі.
— Вядома. Сёлета Мяжанская бібліятэка атрымала прэмію аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі “Лепшая бібліятэка вобласці”, Відзаўская заняла першае месца ў абласным туры рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, а дзіцячая стала пераможніцай штогадовага спаборніцтва сярод працоўных калектываў, асобных работнікаў, органаў самакіравання па выніках за мінулы год сярод гарадскіх устаноў культуры.
— Магчыма, вы хочаце назваць тых, хто ўнёс найбольшы ўклад у агульную справу калектыву.
— Аснова ўсіх поспехаў — гэта людзі. І, вядома, удзячнасці заслугоўваюць прафесіяналы сваёй справы, тыя, хто ідзе ў авангардзе калектыву, задае тон у рабоце. У першую чаргу гэта І. Макарэвіч, Г. Сяліцкая, Л. Шакель, В. Лакотка, Н. Вансовіч, І. Храмцова, М. Васілеўская, Л. Мачан, Г. Кандратовіч, А. Лабазнікава, Г. Мацеша.
— Што хочаце пажадаць калектыву ў дзень прафесіянальнага свята?
— Усім — моцнага здароўя, ладу і дабрабыту ў сем’ях, каб кожны дзень быў азораны шчасцем, дабрынёй і каханнем, творчасцю і натхненнем.