Станоўчы вынік у зладжанай працы

Главное

IMG_3069 (Small)Несумненна, што ў аснове доўгага жыцця і паспяховай работы ААТ “ТБЗ Браслаўскі” ляжаць добрая сыр’евая база і зладжаны працаздольны калектыў. Таму, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці і састарэлае абсталяванне, прадпрыемства забяспечвае аб’екты прамысловасці і насельніцтва раёна цвёрдым відам паліва.
Як паведаміла адказная за ідэалагічную работу на прадпрыемстве Алеся Лук’янец, за студзень — ліпень бягучага года выраблена 16,8 тысяч тон паліўнага брыкету і здабыты 60 тысяч тон фрэзернага торфу. Ужо трэці год цэнтральная кацельня ЖКГ ацяпляе наш горад прадукцыяй мясцовага торфазавода. Вось і сёлета для яе патрэб ужо перавезена 1200 тон фрэзернага торфу. Не засталіся па-за ўвагай сельгаспрадпрыемствы раёна, для якіх вадзіцель Віктар Пяткун перавёз 686 т паліва. Так што, з добрымі паказчыкамі калектыў торфазавода сустракае сваё прафесійнае свята. За граматную арганізацыю тэхнічнага працэсу і працы падначаленых дырэктару прадпрыемства Паўлу Драбовічу аб’яўлена ўдзячнасць міністра энергетыкі РБ, начальнік брыкетнага цэха Андрэй Дземянкоў узнагароджаны Ганаровай граматай ведамаснага міністэрства. Не засталіся па-за ўвагай ДВА “Белпалівагаз” і сумленная работа непасрэдных здабытчыкаў “балотнага паліва” — машыністу экскаватара ўчастка здабычы Пятру Баранчуку аб’яўлена ўдзячнасць, апаратчык па сушцы торфу брыкетнага цэха Яўген Недзведзь узнагароджаны Ганаровай граматай.
Здабыча торфу — цяжкі, працаёмкі працэс, які складаецца з пяці стадый. Каб выканаць даведзены план, рабочыя завода шчыруюць па 12 гадзін, а да гэтага калі дадаць спёку і пыл, які літаральна ўядаецца ў скуру і засцілае вочы, — умовы, сапраўды, экстрэмальныя. Тым не менш кожны работнік добра разумее важнасць ускладзенай на яго задачы, сувязь усяго працэсу, таму ў дружным згуртаваным калектыве і работа спорыцца. Безумоўна, ўсе гэтыя складальнікі напрамую ўплываюць на заработную плату.
Зацікаўленасць у высокіх паказчыках падаграваюць і спаборніцтвы, якія праводзяцца сярод рабочых. Па заканчэнні кожнага месяца падводзяцца іх вынікі, а лепшыя атрымліваюць грашовыя прэміі. Ёсць і тыя, хто стабільна ўтрымлівае першыя пазіцыі на працягу ўсяго сезона здабычы торфу. Так, у гэтым годзе вылучыліся Павел Драгун, Яўген Кукьян, Міхаіл Молакаў, Раман Анёха, Валерый Матуль, Віктар Гасюль, Александр Багдановіч і Віктар Пяткун.
З разуменнем і клопатам адміністрацыя завода адносіцца да паляпшэння і аблягчэння ўмоў працы сваіх супрацоўнікаў. На ўчастак здабычы і дадому ўсіх рабочых дастаўляюць на службовым транспарце. Кожны дзень за частковую плату яны атрымліваюць гарачыя абед і вячэру, для іх працуе таксама ведамасная лазня.
Пры шчыльным уласным графіку працы, разумеючы вялізнае значэнне барацьбы за кожнае зерне на палях, рабочыя завода паспелі сёлета дапамагчы і хлебаробам раёна.
Не паспееш азірнуцца, як балотныя абшары пакрыюцца белым покрывам, і ў здабытчыкаў цвёрдага паліва наступіць кароткі перапынак, каб давесці да ладу спецыяльную тэхніку да новага сезона.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
Машыніст экскаватара ўчастка здабычы Пётр Баранчук.