Незвычайнае свята

Главное

100_7126 (Small)“Са святам вас!” — з такімі словамі аўтар гэтых радкоў завітала днямі ў раённую ветэрынарную станцыю і добра-такі здзівіла яе супрацоўнікаў, якія дакладна ведаюць, што Дзень ветэрынарнага ўрача адзначаецца ў красавіку. Але я не памылілася, проста ветэрынары — надзвычай шчаслівыя людзі, якія, займаючыся любімай справай, могуць святкаваць свой прафесійны дзень двойчы за год. Пачынаючы з 2011 года, 31 жніўня адзначаецца незвычайнае свята, устаноўленае праваслаўнай царквой. Яно з’яўляецца адначасова і прафесійным, і рэлігійным — Праваслаўны дзень ветэрынара. Дата святкавання вызначана не выпадкова. Гэта дзень памяці пакутнікаў Флора і Лаўра, якія лічацца заступнікамі жывёлы. Часта іх малююць на абразах з коньмі, але нябеснае заступніцтва атрымліваюць ад святых усе ветэрынарныя ўрачы.
Ветэрынар — адна з самых добрых і гуманных прафесій, якая карыстаецца папулярнасцю ва ўсім свеце. Людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё лячэнню жывёл, заслугоўваюць пахвалы, бо іх пацыенты ўсе розныя і не могуць сказаць, дзе і што ім баліць. Таму праца ветэрынараў і складаная, і такая ж адказная, як у людскіх урачоў.
А як жа жывецца-працуецца “айбалітам” у нашым раёне? Пры Браслаўскай раённай ветэрынарнай станцыі дзейнічае ўчастковая ветлячэбніца, у якой чацвераногіх пацыентаў добразычліва сустракаюць яе супрацоўнікі пад кіраўніцтвам Наталлі Лоўшанка. Гэта абаяльная жанчына паспяхова арганізуе работу ветстанцыі і ў дадатак з’яўляецца галоўным ветэрынарным урачом і галоўным дзяржветінспектарам раёна. А таму добра разумее важнасць і неабходнасць сваёй прафесіі, кіруючыся словамі “Урач — лекар для чалавека, ветэрынарны ўрач — лекар для чалавецтва”.
— Ветэрынары не толькі лечаць жывёл, але і ахоўваюць людзей ад распаўсюджвання асабліва небяспечных захворванняў, — гаворыць Наталля Міхайлаўна, — так званых зоаантрапанозаў, якія могуць перадавацца і чалавеку. Акрамя лячэння, мы займаемся прафілактыкай: правядзенне прышчэпак — адзін з накірункаў работы станцыі. Таксама ў нашы абавязкі ўваходзіць кантроль за сітуацыяй у суседніх дзяржавах — каб не дапусціць пранікнення небяспечных хвароб.
Наталля Лоўшанка добра ведае прадмет гутаркі, бо на працягу васьмі гадоў працавала галоўным ветэрынарным урачом у “Агравідзах”, загадвала Відзаўскай участковай ветэрынарнай лячэбніцай. Мая суразмоўца ўпэўнена: на ветэрынарнай службе сумаваць проста няма часу. Прафілактыка і лячэнне жывёл, афармленне дакументаў, а апошнім часам цэлы шэраг мерапрыемстваў па папярэджанні заносу і распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. З гэтым спраўляецца калектыў станцыі, які складаецца з 10 ветурачоў і 6 лабарантаў. На сённяшні дзень для поўнага штату не хапае 10 спецыялістаў. Па словах Наталлі Міхайлаўны, моладзь не вельмі ахвотна затрымліваецца ў ветслужбе: зарплата не надта вялікая, а работа складаная, патрабуе не толькі трывалых тэарэтычных ведаў, а часам і добрай фізічнай загартоўкі. Ды і хвароба не выбірае, будні дзень ці выхадны. Па суботах і нядзелях у будынку станцыі абавязкова дзяжурыць ветурач, у экстраных выпадках на выезд збіраецца цэлы кансіліум. Па дапамогу да ветэрынараў звяртаюцца не толькі тыя, хто мае ўласную жывёлу на падворках, але і жыхары горада і раёна, якія трымаюць хатніх гадаванцаў.
— Часцей за ўсё лячыць даводзіцца катоў і сабак, — расказвае Наталля Міхайлаўна. — Былі выпадкі, калі гаспадары прыносілі хамякоў, папугаяў. У сярэднім за дзень бывае каля сямі пацыентаў. Сёння ў ветстанцыі можна атрымаць як тэрапеўтычную, так і хірургічную дапамогу. Маецца ў будынку і аптэка. Паслугі ў нас платныя, але іх кошт не вельмі вялікі. Так, напрыклад, выклік ветурача на дом абыдзецца гаспадару ў 24 тыс. рублёў. Дарэчы, звярнуцца да спецыялістаў участковай ветлячэбніцы можна па тэл. 31-4-56. Вакцына супраць шаленства ўвогуле бясплатная. Мае калегі мараць пра лепшае развіццё матэрыяльнай базы, тады мы змаглі б палепшыць якасць аказваемых паслуг і пашырыць іх спектр.
Сёння ў ветэрынарных урачах маюць патрэбу ўсюды, дзе ёсць неабходнасць догляду за жывёламі — на прадпрыемствах сельскай гаспадаркі, ветэрынарных станцыях, у клініках, заапарках. Спецыялісты, якія ратуюць звяроў і птушак, вядома, не дачакаюцца слоў удзячнасці ад сваіх пацыентаў. Таму давайце павіншуем з прафесійным святам урачоў, якія лечаць нашых пухнатых сяброў.
Жанна Бялько.
Фота аўтара.

Ветурач Дар’я Папова аглядае вушастага пацыента.