Рыхтуемся да “ціхага палявання”

Главное

Изображение 336 (Small)Як толькі спадае гарачыня, жаўцеюць лісты, а па зямлі сцелецца шэрая смуга – надыходзіць час збірацца на “ціхае паляванне”. Пошук грыбоў – гэта выдатнае баўленне часу як для дарослых, так і для малых. Але перш чым накіравацца ў лес, спачатку трэба навучыць дзяцей некаторым правілам паводзін, магчыма, пацікавіцца спецыяльнай літаратурай і параіцца з вопытнымі людзьмі. Вось аўтар гэтых радкоў і звярнулася па дапамогу да навуковага супрацоўніка НП “Браслаўскія азёры” Ніны Насонавай, в.а. намесніка генеральнага дырэктара гэтай жа ўстановы Валерыя Міцюна і ўрача-інфекцыяніста Браслаўскай ЦРБ Вольгі Лакевіч.
— Ніна Мікалаеўна, як вы думаеце: ці варта ісці ў грыбы разам з дзецьмі?
— Збор грыбоў у нас вельмі папулярны і як від актыўнага адпачынку, і як спосаб папоўніць запасы шчодрымі ляснымі дарамі. Мяркую, дзецям карысна будзе адысціся ад звыклых камп’ютараў, пабыць на свежым паветры, можа, нават убачыць у лесе некаторых жывёл і птушак. Урэшце, гэта цудоўна, калі ўся сям’я дружна займаецца агульнай справай.
— На што ў першую чаргу павінны звярнуць увагу бацькі перад паходам у лес?
— Найперш дзецям трэба растлумачыць, што нельга адставаць ад дарослых, бо падчас пошукаў грыбоў вельмі лёгка згубіцца. Абавязкова трэба паклапаціцца пра вопратку юных грыбнікоў. Яна павінна быць закрытая, каб магла абараніць ад мошак, камароў, кляшчоў. Для абароны ад укусаў насякомых неабходна выкарыстоўваць рэпеленты. Важна не забыцца пра зручны абутак і галаўны ўбор. З сабой лепш браць кошык – ён больш практычны. Можна захапіць крыху ежы і вады.
— Валерый Антонавіч, а ці ёсць нейкія асаблівыя правілы збору грыбоў?
— Так, пэўныя правілы існуюць. Напачатку варта знайсці лёгкі драўляны кій. Ім можна праверыць грыбное месца на наяўнасць змей. Падчас збору нельга цягнуць грыб з коранем. Зразаюць яго як мага ніжэй да зямлі, стараючыся не пашкодзіць пры гэтым грыбніцу пад зямлёй. Збіраць трэба толькі маладыя грыбы, бо чым яны старэйшыя, тым больш шкодных рэчываў назапашваюць. А самае галоўнае – растлумачыць дзецям, якім грыбам месца ў кошыку, а якія зразаць не трэба. Па прыходзе з лесу маме і тату варта правесці «работу над памылкамі»: перагледзець грыбы, якія сабралі малыя, і растлумачыць, у чым яны памыліліся. А каб пазбегнуць прыкрых памылак, можна ў навуковым аддзеле наведаць клас экалагічнай асветы, у якім маюцца пазнавальныя фільмы, прэзентацыі, займальныя матэрыялы. Нашымі супрацоўнікамі сабраны багаты матэрыял, больш за тое, у наступным годзе плануецца выданне манаграфіі «Біялагічная разнастайнасць Нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”. Лішайнікі і грыбы», у якой будуць апісаны 196 відаў грыбоў.
— Вольга Мікалаеўна, а як адносяцца да грыбоў урачы?
— З аднаго боку, гэта ўнікальны прыродны прадукт, які валодае мноствам карысных уласцівасцей. Напрыклад, па ўтрыманні бялку грыбы пераўзыходзяць мяса. Вялікая колькасць вітамінаў і мікраэлементаў у іх станоўча ўздзейнічае на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы, спрыяе належнаму абмену рэчываў, вываду шкоднага халестэрыну, паляпшае стан касцей, валасоў і пазногцяў.
— Але маецца і другі, менш прывабны, бок лясных дароў?
— Так, грыбы – адзін з самых цяжкіх у засваенні прадуктаў нават для дарослых. З’едзеныя ў вялікіх колькасцях, яны здольныя выклікаць праблемы ў сістэме стрававання. Пры гэтым трэба памятаць і пра атручванні неядомымі відамі.
— Многіх хвалюе пытанне, ці можна дзецям есці грыбы.
— Лічыцца, што органы стрававання ў дзіцячым узросце не могуць справіцца з такой цяжкай ежай. Таму адказ адназначны: малым ва ўзросце да 7 гадоў гэты прадукт катэгарычна супрацьпаказаны.
— Ці маюцца ў нашым раёне ахвяры “ціхага палявання”?
— Апошнім часам, на шчасце, на тэрыторыі Браслаўскага раёна не зафіксаваны выпадкі атручвання грыбамі. Хочацца, каб так было і далей. А ўвогуле хачу сказаць, што празмернае захапленне любым прадуктам харчавання можа выклікаць цяжкія наступствы, і грыбы ў гэтым сэнсе нічым не адрозніваюцца ад любой іншай ежы. Таму есці грыбы ці не – гэта справа густу.
—Дзякую за змястоўныя парады. Думаю, яны будуць карысныя грыбнікам-пачаткоўцам.

Жанна Бялько.