Юбілейную дату з дня заснавання вёскі Богіна, а споўнілася ёй 500 гадоў, святкавалі ў мінулую нядзелю не толькі мясцовыя жыхары, а і шматлікія госці з раёна. На свята завіталі старшыні райвыканкама і райсавета Сяргей Шматаў і Ніна Пучынская, дэпутат ад Богінскай акругі Ігар Брынкевіч, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Напачатку госці наведалі лепшыя аграсядзібы аграгарадка. Пабылі на “Папараць – кветцы” ў Русалоўскіх, у Зоі Шыман, у Пушнегіных. Дарэчы, усе гэтыя гаспадары прадставілі свае вырабы і смакоты, зробленыя ўласнымі рукамі, і на прэзентацыі “Богінскага падвор’я”. Праўда, да іх далучыліся аграсядзібы “Маша і мядзведзь”, “У Сяліцкіх”, “Богінская казка”, актыўныя ўдзельніцы аматарскіх аб’яднанняў “Дамскі клуб”, “Богінскія весялухі” Богінскага сельскага клуба. Госці паспрабавалі фаршыраваную шчуку, рыбныя клёцкі, вэнджаную рыбу, кісель з аўсяных хлоп’яў, раўгенню, бліны з рознымі начынкамі, піражкі з бульбай, цэпеліны, юшку, шашлык. Словам, мясцовыя гаспадыні пастараліся здзівіць гасцей такімі стравамі, якія не кожны гатуе дома штодзень.
А ў Свята – Пакроўскай царкве прайшоў малебен з удзелам іерэя Ігара Чачуковіча. Затым кіраўнікі раёна і госці ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам.
Само ж свята адбывалася на адкрытай пляцоўцы каля Богінскага клуба.Вядучыя Вольга Алейдзан і Улад Мацеша па чарзе запрашалі на сцэну не толькі артыстаў, а і мясцовых жыхароў. Падарункі ад арганізатараў свята атрымалі вязні фашызму, воіны – інтэрнацыяналісты П. Лабэцкі, М. Русалоўскі, В. Жыгалка. Памятныя медалі з нагоды 25-годдзя вываду войск з Афганістана ім уручыў ваенны камісар Віталь Грамніцкі.
Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў шмат шчырых слоў адрасаваў лепшым працаўнікам раёна і ўручыў Ганаровыя граматы Віталю Мажэйку і Жыгалку Сяргею. Старшыня райвыканкама зазначыў, што гісторыю вёскі пішуць самі яе жыхары. Традыцыі бацькоў і дзядоў працягваюць іх дзеці. Ён пажадаў усім богінцам моцнага здароўя, новых здзяйсненняў, цярпення і надзеі на ўсё самае лепшае.
Ад старшыні райсавета Ніны Пучынскай Ганаровыя граматы атрымалі Раіса Шыман і Раіса Піровіч.
Многім, хто не надта дасведчаны пра гісторыю мястэчка, цікава было даведацца, што Богіна ў далёкім 1514 годзе было ва ўладанні Гетаўтаў. Як сцвярджаюць некаторыя сведкі, і назва вёскі ўзнікла ад старажытнага славянскага імя Богін. У тыя часы Богіна было вёскай з панскім дваром, двума млынамі, невялікім піваварным заводам. У 19-ым стагоддзі тут была адкрыта царква, якая славілася сваёй іконай. Тут жа размяшчалася і памесце Плятэраў.
У 1915 годзе ў аколіцах Богіна ішлі жорсткія баі. Вёска была разбурана. Затым адрадзілася. Жыццё ў ёй забуяла новымі фарбамі. У чарговы раз бяда на богінскую зямлю прыйшла ў 1941-ым годзе.
Старонкі гісторыі вёскі расказваюць таксама пра тое, што ў 1949 годзе тут быў арганізаваны калгас “Светлы шлях”, а ў 1957-ым ён стаў калгасам імя Мічурына. З лютага 2010 г. жыхары вёскі Богіна працуюць у калектыве ААТ “Новая Гвардыя”. Свой уклад у развіццё і працвітанне сельгаспрадпрыемства ўнеслі У. Герчыкаў, Р. Кандратовіч, У. Мішчанка, М. Лагуноў, К. Загдай, Л. Кірылаў, А. Сайкоўскі, Р. Бабуль, У. Ракель, С. Астапчук, М. Русалоўскі. Тыя з іх, хто прысутнічаў на свяце, атрымалі падарункі.
Адзначылі арганізатары і лепшых спецыялістаў, тых, хто на працягу больш дваццаці гадоў, прысвяціў працы на зямлі.
Цікавай падалася віктарына пра вёску Богіна. Вядучыя свята задавалі пытанні пра мясцовыя асаблівасці. І, што адметна, ні адно з іх не засталося без адказу. Людзі ведаюць, што “дарабан” – гэта назва лесу, “дурань” — мель на Богінскім возеры. Двароў у Богіна 136, халастых мужчын – 15, самыя распаўсюджаныя фаміліі – Койра, Мажэйка, Цыўнель.
Нямала ў Богіна і шматдзетных сямей, дзе, як у прымаўцы, “няма ўладанняў літары Я, а правіць толькі слова Мы і агульныя мары”. Менавіта такі дэвіз у сямей Лапушынскіх, Кацяловічаў, Насыраў, Ханякоў, Чачуковічаў, Капустаў, Раманцэвічаў. Больш за траіх дзетак яны выгадавалі і выхавалі.
Яшчэ адным запамінальным момантам на свяце стала ўзнагароджанне людзей, якія пражылі больш за 50 гадоў разам, і тых, хто зусім нядаўна ўступіў у шлюб. Арганізатары свята жадалі ўсім ім вечнага кахання.
Святочны настрой стваралі самадзейныя артысты Відзаўскага, Богінскага, Дрысвяцкага Дамоў культуры. Яны падарылі прысутным шмат добрых песень і танцаў.
Свята не адбылося б, магчыма, без падтрымкі многіх арганізацый і прадпрыемстваў горада, прыватных прадпрымальнікаў. Усіх іх пералічыць немагчыма.
Хочацца ж сказаць, што 500 гадоў вёскі – свята асаблівае. Яно змяшчае ў сабе ўспаміны пра мінулае і мары пра будучыню. А пра тое, што гэта самая будучыня ў Богіна ёсць, маглі ўпэўніцца ўсе прысутныя, калі запрасілі на сцэну сёлетніх першакласнікаў. Літаратурнай кампазіцыяй і вершамі яны віталі богінцаў.
Сёння вёска Богіна – адзін з нямногіх населеных пунктаў на Браслаўшчыне, дзе жыве каля 400 чалавек. Яна славіцца сваімі азёрамі, цудоўнай прыродай, гасціннасцю жыхароў. Магчыма, таму яна такая прывабная для мінчан і масквічоў, якія з задавальненнем купляюць тут участкі для дач і ўласных сядзіб.
Зінаіда Палулех.