Шчырая размова пра надзённае

Новости

Ідэалагічная работа (шчырая размова)У цэнтры ўвагі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама падчас іх сустрэч у мінулы чацвер з насельніцтвам былі 2 асноўныя тэмы — абыходжанне з камунальнымі адыходамі і дэмаграфічная сітуацыя на тэрыторыі раёна.

Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, які ўзначальваў інфармацыйную групу ў час зносін з мясцовымі жыхарамі ў Мількаўскім СДК, проста і зразумела патлумачыў вяскоўцам, што прадпрымаюць камунальныя, прыродаахоўныя службы, сельвыканкамы, каб усе мы не патанулі ў бытавым смецці. Ад яго, вядома ж, нікуды не дзенешся, але кожны гараджанін і вясковы жыхар павінен пазбаўляцца яго цывілізавана, а не выкідваць там, дзе ўздумаецца.

Адносна дэмаграфічнай сітуацыі, якая па-ранейшаму характарызуецца перавышэннем смяротнасці над нараджальнасцю, Сяргей Шматаў агучыў змест дзяржаўных праграм, накіраваных на развіццё спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання дзяцей.

Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Вікторыя Рысева засяродзіла ўвагу на прычынах смяротнасці. Па-ранейшаму лідзіруюць захворванні сістэмы кровазвароту. Адзін з фактаў такой сітуацыі — няўважлівасць людзей да асабістага здароўя.

Начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка ахарактызаваў крымінагенную сітуацыю. Узровень злачыннасці ў раёне застаецца самым нізкім у вобласці. А найбольш распаўсюджаны крадзяжы. Статыстыка сведчыць, што найчасцей крадуць таму, што грамадзяне самі абыякава адносяцца да захаванасці сваёй маёмасці. П’янства таксама стаіць у вытоках розных правапарушэнняў. Таму міліцыя пастаянна ініцыяніруе абмежавальныя меры продажу спіртнога.

Сяргей Шматаў адказаў і на пытанні, што хвалююць вяскоўцаў. У прыватнасці, патлумачыў прымаемыя меры па недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. Выказаў пазіцыю райвыканкама, накіраваную ў аблвыканкам, наконт абмежаванасці сродкаў, што застаюцца ў раёне ад транспартнага збору. У сувязі з тым, што змянілася шмат тэлефонных нумароў, а новых даведнікаў пакуль няма, патлумачыў, што старшыням сельвыканкамаў дадзена даручэнне ў публічных месцах развесіць інфармацыю пра тэлефонныя нумары сацыяльных службаў.

Казімір Пятушка.

Фота аўтара.