Прыцяжэнне зорак

Люди

IMG_3075 (Small)Упэўнена, што няма такога чалавека, які б хоць раз у жыцці не ўглядаўся ў бязмежнасць нябеснага акіяна. Ззянне зорак, чароўнасць Млечнага Шляху, загадкавасць далёкіх планет заўсёды прыцягвалі да сябе вучоных, фантастаў ды і далёкіх ад навукі і літаратуры людзей.

З дзяцінства ў гэтую блакітную прастору ўлюбёны і Валерый Раманоўскі, таму ў школе найбольш цікавіўся фізікай і астраноміяй. Неаднойчы быў пераможцам у раённых і абласных алімпіядах па гэтых прадметах.

Настойлівы разумны хлопец скончыў Ахрэмаўскую школу з залатым медалём і вырашыў штурмаваць галоўны ўніверсітэт былога Савецкага Саюза.

— Страху ніякага не было, — успамінае Валерый Эдуардавіч. — Быў упэўнены ў сваіх ведах, ды і экзамены ў гэтым універсітэце на той час былі раней, чым у іншых ВНУ, таму ў запасе быў другі шанц.

Так хлопец з невялікай вёсачкі Разета стаў студэнтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Напэўна, яшчэ ў дзяцінстве ён адшукаў сваю шчаслівую зорку, якая і дапамагла яму споўніць мару.

Безумоўна, вучоба была цікавай і захапляльнай. Юнак з галавой акунуўся ў вывучэнне таямнічай зорнай бездані. Асаблівае ўражанне засталося ад практыкі, якая праходзіла ў Крымскай абсерваторыі, дзе знаходзіўся самы магутны тэлескоп.

Хутка праляцелі пяць з паловай гадоў, і насычанае студэнцкае жыццё скончылася. Перад выпускніком паўстала важнае і складанае пытанне працаўладкавання. На дварэ “ліхія 90-ыя”. Тут з “зямной” спецыяльнасцю цяжка знайсці работу, не тое, што астраному. З дымломам у кішэні і маладой жонкай Валерый вяртаецца на радзіму, дзе знаходзіць месца праграміста.

Любоў да нябеснага бязмежжа з’яўляецца аднойчы і назаўсёды. А каб хоць крыху бліжэй датыкнуцца да зоркавага суквецця, В. Раманоўскі набыў сабе тэлескоп. Спачатку прасцейшы, а сёння ў яго самы максімальны, які можна пераносіць. Безумоўна, на такую апаратуру ідзе значная частка сямейнага бюджэту. Але, як адзначыў Валерый Эдуардавіч, родныя з разуменнем адносяцца да яго захаплення.

Шмат цікавых фактаў і звестак па астраноміі паведаміў В. Раманоўскі пры сустрэчы. Напрыклад, у Беларусі за год выпадае толькі 30 дзён, спрыяльных для нябесных назіранняў, а каб зрабіць удалае фота, трэба каля 10 мінут трымаць засоўку спецыяльнага фотаапарата адкрытай. Апантаны дасведчаны астраном, здаецца, можа гадзінамі расказваць пра сусвет, але ніякія лекцыі не параўнаюцца з асабістымі ўражаннямі ад убачанага праз оптыку ўстаноўкі. Плямы на Сонцы, вялікая загадкавая поўня, яскравыя зоркі, серабрыстыя воблакі — бударажаць уяўленне і адкрываюць прастору для фантастычных думак.

З радасцю В. Раманоўскі дазваляе ўсім жадаючым палюбавацца на планеты праз тэлескоп, тлумачыць убачанае, таму вакол яго збіраецца шмат дзяцей і моладзі.

Ёсць у Валерыя Эдуардавіча свая мара: пабудаваць каля хаты бацькоў невялікі купал і набыць магутны стацыянарны тэлескоп.

Хочацца спадзявацца, што яго шчаслівая зорка абавязкова дапаможа споўніць і гэту мару.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.