Прафесія настаўніка фізічнай культуры, з аднаго боку, цікавая, з другога — складаная. Яна патрабуе вялікай аддачы, актыўнасці і спрыту. Фізічнае выхаванне ўключае ў сябе не толькі арганізацыю вучэбнай дзейнасці, а і правядзенне разнастайных пазакласных спартыўна-масавых мерапрыемстваў. З гэтай задачай паспяхова спраўляецца Аляксей Войцехавіч Салак, настаўнік фізічнай культуры Ахрэмаўскай СШ.
Яшчэ навучэнцам гэтай жа ўстановы адукацыі хлопец сябраваў са спортам і вызначаўся добрай фізічнай падрыхтоўкай. А пад уплывам свайго былога настаўніка Анатоля Жураўлёва зразумеў, што спорт — гэта яго стыхія. Таму пасля заканчэння школы паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію фізічнай культуры. Цікавая вучоба ў сталіцы і магчымасць займацца разнастайнымі відамі спорту толькі ўмацавала правільнасць выбару будучай прафесіі.
Парог спартыўнай залы Мількаўскай школы ў якасці настаўніка Аляксей Войцехавіч упершыню пераступіў у 1998 годзе. Работа з дзецьмі адразу захапіла маладога спецыяліста, і ён з вялікім задавальненнем штодзень прыходзіў на ўрокі, займаўся з вучнямі ў спартыўных секцыях і гуртках.
Праз паўгода спартыўны абутак педагог змяніў на салдацкія боты. Служыць давялося ў спецвойсках, што, безумоўна, толькі больш загартавала настаўніка як маральна, так і фізічна.
Разам з “дзембелем” з’явілася магчымасць змяніць сваю прафесію і працягнуць службу ў радах міліцыі. Але спорт і любімая справа ўзялі верх. І Аляксей Войцехавіч вярнуўся ў Мількаўскую школу. Творчы, актыўны, ён сваім прыкладам фарміраваў у вучнях навыкі здаровага ладу жыцця, развіваў іх фізічныя навыкі. Аматар турыстычных паходаў, настаўнік часам за свае грошы набываў адпаведны інвентар, каб мець магчымасць выправіцца з дзецьмі за прыгодамі па родным краі.
Так, у клопатах пра фізічную загартоўку навучэнцаў прамільгнула некалькі працоўных гадоў.
— Аднойчы прыйшоў да думкі, што стаю на адным месцы, — успамінае паварот свайго лёсу А. Салак, — захацелася паспрабаваць сябе ў нечым іншым.
Энергічны педагог выправіўся ў Мінск і прапанаваў сваю кандыдатуру ў спорткамітэце ўзброеных сіл. Пасля праходжання шэрага сур’ёзных псіхалагічных тэстаў Аляксей Войцехавіч быў прыняты ў штат Сувораўскага ваеннага вучылішча. Безумоўна, работа цалкам адрознівалася ад школы, але працаваць, як адзначыў настаўнік, было цікава, і першы год ён “лятаў на крылах”.
З цягам часу з’ёмныя кватэры, бытавыя нязручнасці і адсутнасць у перспектыве рашыць жыллёвае пытанне прывялі да думкі вярнуцца на радзіму. І праз тры гады А. Салак зноў адкрыў дзверы спартыўнай залы Мількаўскай школы. Але, як лічыць мой суразмоўца, гэты час для яго не прайшоў дарэмна. Добрая матэрыяльная база вучылішча, цікавая разнастайная спартыўная дзейнасць толькі пашырылі вопыт і веды, якія з энтузіязмам пачаў прымяняць у школе. І вынікі не заставілі сябе чакаць. Перамогі вучняў у раённых спаборніцтвах і турзлётах былі лепшай ўзнагародай для настаўніка.
У хуткім часе з’явілася магчымасць перайсці ў родную школу. Першай справай для настаўніка было набыць аўтарытэт сярод вучняў і сфарміраваць каля сябе кола захопленых спортам хлопцаў і дзяўчат. Таму, не шкадуючы ні сіл, ні часу, Аляксей Войцехавіч займаўся з навучэнцамі, прывіваючы ім любоў да фізічнага выхавання. Паступова паміж педагогам і школьнікамі склаліся надзвычай добразычлівыя адносіны. У іх, напэўна, і сакрэт паспяховых выступленняў школьнай каманды, якая пастаянна знаходзіцца ў прызёрах розных спартыўных мерапрыемстваў.
Акрамя фізічнай культуры, А. Салак развівае ў школе і турыстычны напрамак. З вялікім задавальненнем выхаванцы наведваюць заняткі “Школы выжывання”, якія прадугледжваюць паходы на працягу ўсяго навучальнага года. Трэба адзначыць, што вандроўкі — сапраўдная слабасць Аляксея Войцехавіча. З такімі ж аматарамі прыгод ён пабываў на Карпатах, у Крыме, прайшоў па сцежках суседніх краін, безумоўна, не абыходзіцца без паходаў і па малой радзіме.
Педагог актыўна ўдзельнічае ў рабоце раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры, шчодра дзеліцца сваім вопытам з маладымі калегамі, неаднаразова быў ўзнагароджаны граматамі раённага аддзела адукацыі, а таксама ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Але галоўнае для яго было і застаецца – любоў вучняў, павага калег і бацькоў.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.