Жыццё заўсёды дае выбар

Главное

IMG_9928 (Small)Наколькі часам бывае непрадказальнай нітка чалавечага жыцця, якую, паводле грэчаскай міфалогіі, прадуць Майрамі — багіні лёсу. Яна ніколі не бывае прамой, а пятляе і звіваецца. Аднак тры гэчаскія сястры толькі задаюць ход чалавечаму лёсу і далёка не заўсёды вяршаць яго. Таму вельмі важна не разгубіцца, калі жыццё робіць чарговую пятлю, зрабіць правільны выбар і выйсці на прамую дарогу.
Наталля Мазгавая нарадзілася ў прыгожым велічным горадзе Грозны. У савецкія часы гэта быў буйны нафтаперапрацоўчы, прамысловы, навуковы і культурны цэнтр, дзе былі шырокія магчымасці для развіцця і ўдасканалення духоўнага і кар’ернага росту. Але ніхто не мог прадбачыць, што менавіта даброты цывілізацыі паставяць маладую жанчыну перад складаным выбарам.
За плячамі Наталлі ўжо быў біёлага-хімічны факультэт мясцовага ўніверсітэта, пачалася цікавая вучоба ў аспірантуры і грунтоўная падрыхтоўка да абароны дысертацыі. Бясхмарным было і блакітнае неба жаночага шчасця — любячы муж, маленькі сын, уладкаванае жыллё.
І менавіта ў гэты час Майрамі вырашылі выпрабаваць маладую сям’ю і завязалі пятлю на нітцы іх сумеснага лёсу.
Шкодная экалогія і бруднае паветра прамысловага горада сталі сур’ёзнай пагрозай для здароўя маленькага Арцёма, якому паставілі дыягназ: асматычны бранхіт. І трэба было тэрмінова пераязджаць.
Калі ўрачы расклалі перад бацькамі карту Савецкага Саюза і паказалі найлепшыя месцы для пражывання хлопчыка, Наталля і Ігар доўга не вагаліся. Здароўе адзінага сына было даражэй за матэрыяльныя каштоўнасці.
— Жыццё заўсёды дае нам выбар, — дзеліцца сваімі меркаваннямі Наталля Мікалаеўна, — і толькі ад нас залежыць на якую дарогу ступіць.
Пасля нядоўгіх разважанняў сям’я вырашыла пераехаць на чыстую, прыгожую і гасцінную зямлю Беларусі. А паколькі Ігар ведаў Браслаўшчыну, бо тут жыла яго цётка, выбар спынілі менавіта на гэтай мясцовасці.
Так, адарваная ад сваіх каранёў, звыклага ўкладу жыцця і перспектыўнай работы, сям’я ў 1989 г. пасялілася ў з’ёмным дамку без выгод. Але, нягледзячы на бытавыя нязручнасці, бацькі больш за ўсё радаваліся таму, што хвароба сына пачала пакрыху адступаць.
Наталля ўладкавалася выхавацелем у дзіцячы сад, потым перайшла працаваць мікрабіёлагам на хлебазавод. Праз два гады пасля пераезду сям’я адсвяткавала наваселле. Нітка лёсу выпрасталася, і жыццё пачало наладжвацца.
— Падабалася і цікавая работа, і дружны калектыў завода, — узгадвае новы віток свайго жыцця Н. Мазгавая, — але заработная плата жадала быць лепшай.
Сапраўды, пасля распаду магутнай дзяржавы не салодка прыйшлося працаздольнаму насельніцтву: заробкі сталі мізэрнымі, а многія наогул пазбавіліся сваёй работы. Таму ў хуткім тэмпе прыйшлося вывучаць “капіталістычныя” гандлёва-таварныя адносіны.
Рызыкнула ступіць на шлях прыватнага бізнесу і Наталля. Паступова фінансавае становішча пачало змяняцца ў лепшы бок. Але разам з тым штодзённыя стрэсы, адсутнасць магчымасці адпачыць і маральная незадаволенасць пачалі сказвацца на здароўі.
— Заўсёды хочацца ўдасканальвацца, спрабаваць сябе ў іншых накірунках, — выказвае свае памкненні Н. Мазгавая, — і бачыць перспектыву прафесійнага росту.
Ды і вяршыня, пастаўленая ў юнацкія гады, не давала жанчыне заседжвацца на адным месцы і ўвесь час рухала наперад. Таму пасля доўгіх разважанняў і пры падтрымцы мужа Наталля вырашыла паспрабаваць свае сілы ў тады амаль невядомай фірме “Арыфлэйм”.
Новая цікавая дзейнасць, знаёмства з рознымі людзьмі захапілі жанчыну, таму яна смела і з задавальненнем пайшла па невядомай дарозе. І ўжо сёння Наталля займае пасаду “Залатога дырэктара” індустрыі прыгажосці. Але для яе гэта не мяжа, бо наперадзе новая прыступка кар’ернай лесвіцы, на якую энергічная жанчына марыць падняцца. Галоўнае, як адзначае мая суразмоўца, трэба ўвесь час вучыцца, ставіць перад самой мэту і дасягаць яе.
І тады ў вашым лёсе абавязкова з’явяцца ніткі з каштоўнага металу.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.