За прыемнымі ўражаннямі на Браслаўшчыну

Главное

IMG_1645 (Small)Многія браслаўчане заўважылі, што на майскія святы ў горадзе было вельмі шмат аўтамабіляў з расійскімі нумарамі, у асноўным ленінградскага і маскоўскага рэгіёнаў. Расіяне прыехалі на Браслаўшчыну ў чарговы раз на адпачынак, як робяць гэта ўжо шмат гадоў запар. Хутка пачнецца летні сезон, тады турыстаў яшчэ прыбавіцца. Расіяне аблюбавалі наш азёрны край і ўсё часцей выбіраюць менавіта нашы мясціны не толькі для рыбалкі, палявання, а і для ціхага сямейнага адпачынку.
Днямі я сустрэлася з сям’ёй Дзюкаў з Масквы, якія прыехалі з двума дзецьмі і ўладкаваліся на аграэкасядзібе “На ўзлеску”. Безумоўна, адразу пацікавілася, як прынялі іх гаспадары.
— Вельмі гасцінна, — адказалі яны ў адзін голас. – Мы жывём у асобным доміку. Тут вельмі ўтульна, усё прадумана да дробязей менавіта для камфортнага адпачынку. Прасторна і, што важна, цёпла ў не залежнасці ад надвор’я. Мы з’ехалі ад сталічнай мітусні і шуму. На Браслаўшчыне атрымліваем асалоду ад прагулак па лесе, дыхаем свежым паветрам. У нашых гаспадароў ёсць шмат прапаноў і для актыўнага адпачынку. Сын Фёдар з задавальненнем катаецца на маленькай электрамашыне, гуляе з братам у мяч. Мы спадзяёмся наведаць і яшчэ якія-небудзь беларускія гарады. Раней былі ў Віцебску. Там нам таксама спадабалася.
Калі ж я запыталася пра іх уражанні ў цэлым пра Беларусь, яны гаварылі толькі ўзнёслыя словы. Адзначалі добрую якасць дарог, чысціню навокал, уздоўж дарожнага палатна.
Госці таксама адзначалі, што ім вельмі падабаюцца беларускія малочныя і мясныя прадукты, каўбасы. Яны вельмі смачныя і высокай якасці. Падкрэслівалі, што нічога з Масквы з правізіі з сабой у такія падарожжы не бяруць, бо ведаюць, што гэта бессэнсоўна. Затое пры ад’ездзе з нашай краіны загружаюць прысмакамі багажнік сваёй аўтамашыны.
Пра адпачынак у аграсядзібе “На ўзлеску” масквічы даведаліся з інтэрнэта і там жа прачыталі шмат добрых водгукаў пра ўмовы жыцця і гасціннасць гаспадароў.
Многія турысты даўно аблюбавалі менавіта гэту аграэкасядзібу. Як сказала яе гаспадыня Кацярына Шакель, у іх ужо распісаны ўсе месцы амаль да канца сезона. Ёсць кліенты, якія прыязджалі сюды шмат разоў і не здраджваюць “узлеску”.
Вопыт гасціннасці не перашкода
Нядаўна Шакелі ўсёй сям’ёй адпачывалі ў Германіі, дзе праходзіў лыжны марафон. Пасяліліся ў гасцявым доміку ў гарах. Паміж населенымі пунктамі ходзяць горныя паязды. З прамысловых прадпрыемстваў у гарадку толькі завод па вырабе хрусталю.Там вырабляецца мноства разнастайных сувеніраў, якія прадаюцца на кожным кроку і вельмі запатрабаваны сярод турыстаў.
І яшчэ Кацярына прызналася, што сапраўды яе ўразіла чысціня мястэчка і яна яшчэ раз упэўнілася ў правільнасці слоў, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Па яе словах, там на кожным кроку стаяць кантэйнеры, пафарбаваныя ў розны колер і для раздзельнага збору адыходаў. Шакелі таксама адразу па прыездзе дамоў паставілі ў сябе падобныя.
Там яны за тыдзень знаходжання не сустрэлі ніводнага дворніка. Людзі самі прыбіраюць за сабой. Пазней даведаліся, што літаральна ўсе адыходы прымаюць у спецыяльных месцах і плацяць за гэта грошы.
Сухія лісты пасля зімы там прыбіраюць спецыяльным агрэгатам, падобным на пыласос. Атрымліваецца хутка і якасна.
Прынцыпова цэны на адпачынак Шакелі не павышаюць ужо каторы год запар. Лічаць, што такая іх практыка не толькі дабаўляе ім прэстыжу, але і не ўплывае адмоўна на прыток турыстаў.
Словам, наперадзе новы турыстычны сезон. І Браслаўшчына з нецярпеннем чакае шмат турыстаў, для якіх тут створаны цудоўныя ўмовы для адпачынку і баўлення часу.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.