Душэўна, сардэчна і разам з тым урачыста-журботна прайшоў напярэдадні Дня Вялікай Перамогі канцэрт у СШ №1. У актавай зале навучэнцы сярэдняга звяна школы пад шчырыя апладысменты віталі старшыню райвыканкама Сяргея Шматава, ветэранаў вайны Івана Кожара, Мікалая Дуткевіча і Віталя Цітовіча, воінаў-інтэрнацыяналістаў Леаніда Мікшту і Станіслава Ставіцкага, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івана Абаровіча.
Кожнае слова вядучых і творчыя нумары школьнікаў былі прасякнуты вялікай павагай і ўдзячнасцю да ветэранаў. Падчас музычных кампазіцый юныя артысты ахуталі гледачоў атмасферай тых далёкіх і складаных для нашай краіны часоў, чым закранулі сэрцы і выклікалі на вачах слёзы ва ўсіх прысутных.
У сваёй прамове старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў выказаў шчырую падзяку паважаным гасцям за мірнае неба над нашай галавой, павіншаваў іх з надыходзячым святам, уручыў ветэранам падарункі і пажадаў як мага больш часу заставацца ў страі і яшчэ шмат год сустракаць у коле родных людзей і баявых сяброў заваяванае імі свята Вялікай Перамогі. Старшыня таксама адзначыў, што ўсе мы і наступныя пакаленні ў неаплатным даўгу перад воінамі-вызваліцелямі за права жыць на свабоднай і мірнай зямлі.
З наказам-запаветам звярнуўся да моладзі ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы настаўнік гэтай школы Іван Кожар. Ён заклікаў школьнікаў захаваць у сваім сэрцы і перадаць будучым пакаленням памяць пра тых, хто цаной свайго жыцця вызваліў нашу краіну ад фашысцкай навалы, а калі спатрэбіцца, быць гатовымі да абароны сваёй радзімы.
Прыгадалі вядучыя мерапрыемства і баявы подзвіг Героя Савецкага Саюза А. М. Жданава, імем якога названа школа. Ганаровае права ўскласці кветкі да помніка воінам-вызваліцелем было прадастаўлена адным з лепшых піянераў дружыны В. Стрыжко і
І. Чарняўскаму.
Пры першых гуках метранома ўвесь зал устаў, каб ушанаваць памяць загінуўшых мінутай маўчання.
У гэты святочны дзень піянерская арганізацыя школы папоўнілася яшчэ на 40 юных членаў. Безумоўна, на ўсё жыццё запомняць пяцікласнікі гэтую значную ў сваім жыцці падзею, бо гальштукі — часцінку беларускага сцяга — ім павязалі старшыня райвыканкама С. Шматаў, ветэран І. Кожар, воіны-інтэрнацыяналісты Л. Мікшта і
С. Ставіцкі. Цёплыя словы віншавання і пажадання шчаслівага дзяцінства ў адрас новаспечаных піянераў прагучалі і ад былых “афганцаў”.
Урачыстай і пераможнай кропкай ў канцы канцэрта прагучала песня “Дзень Перамогі” ў выкананні вакальнай групы школы.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.