Не патануць бы ў смецці

Главное

musorУ хуткім часе адбудзецца ініцыіраванае кіраўніком раёна Сяргеем Шматавым пасяджэнне райвыканкама па праблеме несанкцыянаваных звалак смецця. З гэтай нагоды на мінулым тыдні збіралася рабочая група для выпрацоўкі накірункаў работы па дадзеным пытанні. У яе ўвайшлі прадстаўнікі ўлады, сферы аховы прыроды, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, землеўпарадкавальнай і санітарнай службаў раёна, а таксама сродкаў масавай інфармацыі.
Сапраўды, праблема стаіць востра. Надыход вясны і адпаведнае навядзенне парадку выкрылі новыя сметнікі, месцамі паказалі вельмі непрыглядную карціну. Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Давыдзенка, далей так працягвацца не можа. Сітуацыя патрабуе глыбокага аналізу і распрацоўкі дзейсных мер па навядзенні парадку ў гэтай сферы. Тым больш, што Браслаўшчына – край прыгранічны, транзітны і турыстычны, а таму не мае права выглядаць непрывабна.
Між тым колькасць звалак пакуль не толькі не скарачаецца, але і павялічваецца. Нядбайныя грамадзяне і нават юрыдычныя асобы не цураюцца вывозіць смецце ў бліжэйшы лясок. Так, зборам і утылізацыяй смецця ў нас ёсць каму займацца – гэта адзін з накірункаў дзейнасці КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік”. Аднак дагаворы на вываз смецця з арганізацыяй заключылі толькі каля 20% яго “пастаўшчыкоў”. А астатнія? Куды яны “хаваюць” адыходы? Кажуць, на гэтае пытанне адказваюць, маўляў, вывожу сам. Тут паўстае другое пытанне: куды? На звалку ці ў спецыяльны кантэйнер? Дык за апрацоўку такіх вывазаў усё адно плацяць тыя ж афіцыяльныя 20%. Некуды яшчэ? Вось вам і несанкцыянаваная звалка смецця, што забаронена законам і караецца рублём. Між тым не сумняваюся, кожны з нас жадае жыць у чысціні і навакольнай прыгажосці. Дык мо хопіць ківаць у бок камунальнікаў? Сёння кожны мае магчымасць пазбаўляцца ад смецця цывілізавана, хай гэта і будзе каштаваць нейкія капейкі.
А на пасяджэнні рабочай групы вырашана сканцэнтраваць намаганні на змяншэнні колькасці міні-палігонаў для бытавых адыходаў, прывядзенні іх у адпаведны стан, вырашэнні праблемы засмечвання трасы Р3, дзе збіраецца чарга вялікагрузаў, рабоце з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі па заключэнні дагавораў на вываз смецця.

Вячаслаў Каладынскі.