На караблі сямейнага шчасця

Главное

IMG_0196 (Small)Шматдзетную сям’ю Дзмітрыя і Вікторыі Мельянцавых, што жывуць у аграгарадку Опса, усе вяскоўцы добра ведаюць. Каго ні запытай, кожны адкажа, што гэта добрая, дружная, працавітая сям’я. Бацькі – людзі ветлівыя, добразычлівыя, заўсёды гатовыя адгукнуцца на чужую бяду. Гэтаму вучаць і сваіх траіх дзяцей. Каб зразумець, насколькі выдатная сям’я Мельянцавых, трэба хоць раз пабываць у іх у гасцях.
Калі прыгледзецца, адразу магчыма заўважыць, што Дзмітрый і Вікторыя вельмі падобныя. Абодва разумныя, вясёлыя, творчыя асобы, і нават прафесія ў іх адна на дваіх. Не выпадкова, што і каханне маладых людзей зарадзілася з першага погляду.
Лёс звёў Дзмітрыя і Вікторыю, як гэта часта бывае, у студэнцкім інтэрнаце. Пасля школы дзяўчына вырашыла звязаць свой лёс з прафесіяй ветэрынара і паступіла ў Віцебскую ветакадэмію. Там і сустрэлася з Дзмітрыем, які вучыўся на гэтым жа факультэце, толькі быў на два курсы старэйшы. Часта маладыя людзі бачыліся ва ўніверсітэце, у інтэрнаце. Калі ж бліжэй пазнаёміліся, аказалася, што і жывуць яны не так далёка — Дзмітрый родам з вёскі Відзы-Лаўчынскія, а Вікторыя з Пастаў. Сталі разам на цягніку ездзіць дадому, а хутка зразумелі, што не могуць адзін без другога. Пажаніліся, калі Дзмітрый быў на пятым курсе ўніверсітэта, а Віторыя на трэцім.
Хутка ў маладой сям’і нарадзіўся і першынец Мікалай. А ўжо праз год на свет з’явіўся і другі сынок Уладзімір. На той час Дзмітрый па размеркаванні ўжо працаваў ветэрынарам у адной з гаспадарак Браслаўскага раёна, а Вікторыя заканчвала вучыцца ва ўніверсітэце. Маладых не пужалі цяжкасці, якія перыядычна ўзнікалі на іх жыццёвым шляху, яны разам вучыліся іх пераадольваць.
З цягам часу маладыя людзі пераехалі ў агр. Опса. Тут для абодвух знайшлася праца па спецыяльнасці ў мясцовай ветлячэбніцы. Падрасталі дзеці, але Вікторыя, як і кожная маці, марыла пра памочніцу-дачушку. Хутка мара ажыццявілася, трэцяй у сям’і нарадзілася дачушка Настасся.
— Аказваецца, толькі ў вялікай сям’і адчуваеш сябе шчаслівым і любімым. Цяпер я не магу ўявіць сваё жыццё без каго-небудзь з іх: разам мы — сям’я, і разам мы можам многае, —дзеліцца сакрэтамі сямейнага шчасця Вікторыя. — І нам не цяжка, таму што мы любім і беражом адзін аднаго, дапамагаем, падтрымліваем, — тут жа дадае Дзмітрый.
Любая работа толькі ўпрыгожвае чалавека, лічаць у сям’і Мельянцавых, выхоўвае працавітасць, адказнасць. А гэта тое, што перш за ўсё неабходна падрастаючаму пакаленню. Таму і дарослыя, і дзеці разам бяруцца за ўсе справы. А разам, як вядома, усё хутчэй атрымліваецца.
А яшчэ сям’я Мельянцавых вельмі творчая, у кожнага ёсць сваё захапленне. Дзмітрый скончыў музычную школу па класе баяна, Вікторыя – мастацкую, яе малюнкі проста захапляюць погляд. А яшчэ жанчына вельмі любіць кветкі. Бацькі стараюцца, каб і дзеці не дарэмна марнавалі час, а праводзілі яго з карысцю. Старэйшы Коля, які вучыцца ў 4 класе, сур’ёзна займаецца пляценнем з паперы, выдатна малюе. Яго творы не раз траплялі на конкурсы раённага, абласнога і рэспубліканскага этапаў і станавіліся пераможцамі. Валодзя спрабуе свае сілы ў спартыўным напрамку, а дачушка Насця, якая ў гэтым годзе пойдзе ў першы клас, яшчэ толькі пряўляе свае таленты: прыгожа малюе, любіць танцаваць і спяваць.
Пры гэтым сям’я Мельянцавых разам і ў працы, і ў адпачынку. У іх буйная гаспадарка, якую разам даглядаюць. Калі ж ёсць вольны час, любяць усёй сям’ёй рыбачыць, вандраваць, летам адпраўляюцца па ягады і грыбы, а зімой катаюцца на лыжах. А яшчэ кожную нядзелю бацькі і дзеці наведваюць царкву. Разам прымалі рашэнне ўдзельнічаць у конкурсе за званне лепшай шматдзетнай сям’і раёна, адкуль вярнуліся з дыпломам “Залатыя ручкі”. І ўсё яны паспяваюць, усё ў іх атрымліваецца.
Галоўнае месца ў доме сям’і Мельянцавых займае зроблены рукамі старэйшага сына Мікалая вялікі папяровы карабель. Як мне падалося, ён сімвалізуе адзінства гэтай цудоўнай сям’і. На ім яны разам пераадольваюць усе буры ў выглядзе непрыемнасцей, а потым радуюцца ўсяму добраму, што адбываецца ў іх сям’і.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.