У пятніцу 9 мая па ўсёй Беларусі — у сталіцы, абласных цэнтрах, раённых гарадах і аграгарадках — шырока і святочна нашы людзі адзначалі Дзень Перамогі. Праграмы мерапрыемстваў былі рознымі па насычэнні. Але галоўным зместам, агульнай рысай праводзімых святкаванняў быў глыбокі патрыятызм і даніна павагі савецкім салдатам, чыёй крывёй і жыццямі заваёўвалася наша перамога над лютым ворагам.
Не быў у гэтым плане выключэннем і Браслаў. З раніцы на святочна ўпрыгожаную плошчу горада пачаў збірацца народ. І, зябягаючы наперад, скажу, што столькі людзей, колькі прысутнічала на сёлетнім святкаванні Дня Перамогі ў райцэнтры не збіралася даўно. Зразумела, у цэнтры ўвагі былі ветэраны — жывыя сведкі жудасных падзей ужо такой далёкай і разам з тым блізкай для кожнага беларуса вайны. Яно і зразумела, бо фашысцкае нашэсце тым ці іншым чынам закранула кожную сям’ю нашага народа, і памяць пра загінуўшых і пераможцах перадаецца з пакалення ў пакаленне. І жыць ёй праз вякі.
У гэтым годзе святкаванне Дня Перамогі па рашэнні мясцовых органаў улады спалучылася яшчэ з адным святам — Днём Дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь. Але перш чым пачынаць усе ўрачыстыя мерапрыемствы, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў паасобку павітаўся з кожным з прысутных ветэранаў, пацікавіўся іх здароўем, праблемамі паўсядзённага жыцця.
Затым з паказальнымі выступленнямі на плошчы выйшлі юныя барабаншчыцы. Права ж узняць на флагштоку галоўны сімвал Беларусі было прадастаўлена начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму, чалавеку года Браслаўшчыны — 2013 Івану Абаровічу і вучаніцы 10 класа СШ №1, пераможцы абласнога конкурсу БРСМ Дар’і Еўдакімавай.
Стала традыцыяй у дзень святкавання сімвалаў краіны прымаць у рады Беларускага Рэспубліканскага Саюза Моладзі лепшых яе прадстаўнікоў. Вось і сёлета больш за 20 юнакоў і дзяўчат атрымалі білеты гэтага грамадскага аб’яднання.
У рамках акцыі «Дзякуй за жыццё», праводзімай БРСМ, з плошчы стартаваў аўта-мотапрабег па памятных месцах раёна.
Пазней жа святочным шэсцем усе прысутныя накіраваліся ў гарадскі парк да помніка загінуўшым воінам, якія вызвалялі Браслаўшчыну, дзе адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр вайны.
Адкрыў яго кіраўнік раёна Сяргей Шматаў. Перш за ўсё ён яшчэ раз павіншаваў ветэранаў з іх самым памятным днём, падзякаваў за іх мужнасць і гераізм. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што ўвекавечанне ратнага подзвігу абаронцаў Айчыны мае ў нашай краіне багатую гісторыю. Шматлікія мемарыялы, якія ўстаноўлены на беларускай зямлі, сталі сімваламі мужнасці і гераізму. Раёная ўлада ўдзяляе шмат увагі рэалізацыі дзяржаўнай Праграмы ўвекавечання абаронцаў і ахвяр вайны. Вядзецца пошуковая работа, і родныя і блізкія загінуўшых атрымліваюць магчымасць даведацца і наведаць месцы пахавання сваіх дзядоў і прадзедаў.
З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся таксама ваенны камісар раёна Віталь Грамніцкі, ветэран вайны Паліна Кобзун і вучаніца гімназіі Паліна Шышко.
Пад гукі метранома, салюта са сталковай зброі ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых мінутай маўчання, пасля чаго ветэраны, кіраўнікі раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў усклалі да помніка вянкі і кветкі.
Па традыцыі ветэранаў вайны запрасілі ў кафэ на франтавых 100 грамаў і салдацкую кашу. Пра пачастунак паклапаціліся адміністрацыі магазіна «Еўраопт», філіялаў МКК «Браслаўрыба» і «малаказавод», «Віталічгандаль», і райпа.
Пазней усе жадаючыя змаглі паглядзець у ДК новы спектакль народнага тэатра «На Дняпроўскім рубяжы», а аматары футбола пабалець за каманду горада на стадыёне з удзелам нашых, глыбоцкіх і шаркаўшчынскіх футбалістаў.
Завяршыліся ж святкаванні позна вечарам феерверкам.
Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.