Жывое неба Браслава — 2014

Новости

znbУсім браслаўчанам і гасцям нашага горада, безумоўна, запомніўся леташні фестываль рок-музыкі “Жывое неба Браслава”, які праводзіўся на Замкавай гары. Гэта было, бадай, першае ў гісторыі горада мерапрыемства, у якім удзельнічалі рок-гурты з Браслава, Мінска і Віцебскай вобласці. Тады гледачам настолькі спадабалася атмасфера, што арганізатары вырашылі працягнуць яго і сёлета. Карэспандэнт газеты Галляш Сялява пагутарыў з ініцыятарам правядзення фестывалю, i адным з яго арганiзатараў Сяргеем Садоўскім і даведаўся, што чакае аматараў рок, блюз і джаз-музыкі 4 ліпеня.

— Добры дзень, Сяргей. Раскажыце, калі ласка, чаму сёлета “Жывое неба” змяніла сваю музычныую стылістыку?

— Амаль уся сучасная рок-музыка вядзе свой радавод з джаза, блюза і як iх след – рок’н’ролу. Вось гэтым стылям, як умоўным бацькам рока, мы пажадалі аддаць даніну.

— На якой стадыі падрыхтоўка?

— Шчыра кажучы, пэўны аб’ём работ ужо выкананы: працуе афіцыйны сайт фестывалю (znb.by), раскручаны групы ў сацыяльных сетках, дзе асвятляецца інфармацыя пра мерапрыемства, пачаты прыём заявак (заявіліся ўжо каля 60 гуртоў з Беларусі, ёсць і з іншых краін), дасягнуты дамоўленасці пра падтрымку фестывалю з шэрагам партнёраў. Сёлета генеральным спонсарам мерапрыемства стане ААТ “Лідскае піва” і яго брэнды, дзякуючы чаму у нас атрымаецца зрабіць яшчэ больш якасны гук на сцэне, а таксама дарослыя гледачы змогуць насалодзіцца ix свежай прадукцыяй. Вельмі прыемна, што паабяцалі падтрымаць нас і мясцовыя індывідуальныя прадпрымальнікі, некаторыя прадпрыемствы, у тым ліку і з Мінска. Нягледзячы на пэўныя поспехi, на жаль, мы не здолелі знайсці падтрымку сярод іншых буйных беларускіх брэндаў. Таму спярша запланаваная двухдзённая праграма “ЖНБ” сёлета зноў пройдзе ў фармаце аднаго дня.

— А можаце расказаць падрабязней пра тое, чым нас парадуе фестываль у гэтым годзе? Што новага чакаецца ў забаўляльнай праграме?

— Плануецца выступленне 15 калектываў, сярод якіх ёсць ужо і ўпадабаныя гледачамі летась. Канчатковая праграма сфарміруецца да 15 мая, тады мы канкрэтна пазнаёмім вас з будучымі удзельнікамі і іх творчасцю. Гледачоў, апрача самога канцэрта, чакаюць кірмаш народных майстроў, дзе можна будзе прыдбаць сабе сувенір на памяць, press-wall, дзе кожны фанат здолее сфатаграфавацца з любой групай, а дапаможа iм наш партнёр фота-студыя “Black and White”, атракцыёны для дзяцей, дзве кропкі гандлю i харчавання (райпа і еўраопт), дзе жадаючыя змогуць падмацавацца. Уначы, пасля заканчэння асноўнай праграмы, запланавана дыскатэка ад праекта “Braslove” з удзелам лепшых дыджэяў аж да 5 раніцы. Прыемным сюрпрызам стануць рэкламныя гульні, у якіх спонсары разыграюць прызы. Прыадкрыю заслону таямнiчасці, сярод iх будуць i даволi каштоўныя.

— А ці вядома нешта пра кошт квіткоў, калі і дзе іх можна будзе набыць?

— Дасканала пакуль невядома, але яны будуць недарагія. Мы ўжывем такi маркетынгавы крок, як папярэднi продаж квiткоў па коштах нiжэйшых за кошт у дзень фестывалю. Чакайце навін, і сачыце за актуальнай інфармацыяй на нашым сайце.

— Дзякую за размову!