Шчыра кажучы, чым больш працую на Браслаўшчыне, тым больш упэўніваюся, колькі тут жыве сапраўды цікавых людзей, такіх як Эдуард і Ядзвіга Шавэлы.
У Эдуарда, які нарадзіўся ў 1941 ваенным годзе і рос у вёсцы Падмуйса былога Дрысвяцкага сельсавета, бацька пайшоў на вайну. Хлопчык зусім яго не памятаў, і, як паведамілі пазней, прапаў без вестак. Эдуарду разам з маці давялося перажыць гады ваеннага ліхалецця, акупацыю, але некаторыя дзіцячыя ўспаміны захаваліся да гэтай пары. Як, напрыклад, немцы сядзелі на даху дома і назіралі за ваколіцай, як загадвалі, каб ім прыгатавалі паесці.
Эдуарду ледзь споўнілася 8-9 гадоў, як пайшоў працаваць у калгас. Для такіх падлеткаў у цяжкія пасляваенныя гады таксама знаходзілася работа – вазіць гной, торф, угнаенні. Што дзіўна, хлопец і ў школу паспяваў хадзіць, і сялянам дапамагаць. А ў час канікулаў увогуле некалі было думаць пра забавы. У сям’і на кошт золата быў кожны зароблены рубель. А ў сям’і Шавэлаў яго маглі зарабіць толькі маці ды адзіны сын.
Загартаваны нялёгкай сялянскай працай, юнак з гордасцю пайшоў служыць у войска. Напачатку трапіў у вайсковую часць у Беларусі, а затым у Манголію ў ракетныя войскі. Армія загартавала і за тры гады і тры месяцы службы ператварыла юнака ў сапраўднага мужчыну.
На “гражданцы” ён не цураўся ніякай працы. Напачатку пайшоў у калгас, затым уладкаваўся на будаўніцтва торфабрыкетнага завода, пазней вывучыўся на шафёра. Менавіта ў гэты час лёс падарыў яму сустрэчу з цудоўнай дзяўчынай Ядзвігай, якая прыехала працаваць па размеркаванні настаўніцай пасля заканчэння Даўгаўпілскага педінстытута ў тагачасную Вазгелянскую школу.
Эдуард “згубіў”, як кажуць, галаву. Маладыя ў хуткім часе ажаніліся, і вось ужо амаль пяцьдзясят гадоў крочаць па жыцці разам. Іх адносінам могуць пазайздросціць многія. Як і ў маладосці, яны не згубілі кахання, а пачуццё ўзаемапавагі, добразычлівасці ў паважаным узросце, безумоўна, даражэй за ўсё.
Да выхаду на заслужаны адпачынак Эдуард Уладзіміравіч працаваў у КУСП “Відзаўскі” трактарыстам, брыгадзірам, а потым 33 гады загадчыкам склада. Ядзвіга Мікалаеўна прысвяціла сваё жыццё настаўніцкай прафесіі ў Грытунскай школе.
Сёння яны абодва на заслужаным адпачынку. Але гэты самы адпачынак у іх не пасіўны, а даволі актыўны. У Эдуарда пад апекай 25 пчоласямей. Гэта ж колькі часу і сіл яны патрабуюць. Да ўсяго 10 гадоў назад развёў яблыневы сад. Такому апантанаму захапленню Э. Шавэлы зайздросцяць многія вяскоўцы. Але зайздрасць гэтая добрая, бо яблыкі родзяць вельмі шчодра.
Па ўсіх хатніх справах муж і жонка завіхаюцца разам. Удваіх ездзяць і на рынак у Маладзечна, дзе прадаюць яблыкі з уласнага сада, мёд з пасекі. Лішнім дадатковы да пенсіі рубель не бывае.
Шавэлы заўсёды рады гасцям. Для іх прыгатаваны самыя розныя прысмакі. Сыры розных гатункаў, саленні, марынады, вэнджаніна.
Дзядуля і бабуля маюць дваіх дзяцей, дваіх унукаў і праўнука Жэнечку, з якім пашчасціла пазнаёміцца.
Нездарма кажуць, што не кожны ў сваім жыцці атрымлівае ордэны ці медалі. Але сярод нас сёння жывуць сціплыя людзі, якія заслугоўваюць не проста павагі, а пашаны за тое, што пражылі ў міры і згодзе амаль паўстагоддзя, сваёй шчырай працай праслаўлялі Браслаўшчыну, а на ўласным прыкладзе даказалі, што годна можна жыць і на вёсцы.
Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.