На Браслаўшчыне жыве шмат шчырых працавітых людзей. На жаль, мы не заўсёды ведаем пра іх жыццё-быццё, бо гэта ў большасці сваёй тыя, хто не здзейсніў ніякіх подзвігаў, вялікіх адкрыццяў, а сціпла жывуць і працуюць, гадуюць дзяцей.
З ліку такіх і Мар’яна Чайкоўская з вёскі Грытуны. У сям’і, дзе нарадзілася і расла, былі яшчэ два браты. Маці рана засталася ўдавой, і таму дзецям змалку даводзілася навучыцца нялёгкай сялянскай працы. Браты вывучыліся на шафёраў. Сама ж Мар’яна шмат гадоў працавала на ферме даяркай. Затым сустрэла сваё каханне, выйшла замуж. У сям’і Чайкоўскіх нарадзіліся сем дзяцей. Яны з маленства выхоўвалі іх шчырымі, працавітымі і добразычлівымі людзьмі. Дзяўчаты больш дапамагалі маці па хатняй гаспадарцы, а хлопцы цягнуліся да тэхнікі і зямлі.
М. Чайкоўскай споўнілася ўсяго сорак тры гады, як з жыцця пайшоў муж. Але дзеці былі і застаюцца яе апорай з таго самага і да сённяшняга дня.
Мар’яна Вацлаваўна па-сапраўднаму ганарыцца дзецьмі. Самы старэйшы сын, на жаль, памёр. Маці здавалася, што не перанясе гэты ўдар лёсу. Ён, як прызнаецца, стаў чарговым выпрабаваннем на трываласць і мужнасць характару.
Міхаіл і Пётр – адны з лепшых механізатараў у КУСП “Відзаўскі”, неаднойчы выходзілі пераможцамі розных спаборніцтваў. У трох дачок таксама сем’і, добрая работа. А вось пра адну, Марыю, маці расказвала з асаблівым задавальненнем. Яе дзеці ўжо выраслі, пайшлі, як кажуць, на свой хлеб. І жанчына з мужам на сямейным савеце амаль два гады таму назад вырашылі ўзяць сабе дзетак пад апеку, каб у хаце, а жывуць яны ў Вазгелянцах, зноў загучалі вясёлыя дзіцячыя галасы. Так і з’явіліся ў доме тры дзяўчынкі-сястрычкі. Да пятнаццаці ўнукаў і двух праўнукаў у Мар’яны Чайкоўскай далучыліся яшчэ тры ўнучкі. За дастаткова кароткі час яны для ўсёй вялікай сям’і сталі роднымі.
Мар’яна Вацлаваўна ўжо даўно на заслужаным адпачынку, але да гэтай пары не можа сядзець без справы. Калі была маладзейшай, хадзіла гаспадыняй на вяселлі. Пра яе адмысловыя кулінарныя здольнасці ведала ўся акруга. Ніхто не выпякаў такіх смачных і прыгожа аздобленых караваяў, пірагоў, розных птушачак, лебедзяў, кошыкаў з грыбкамі з цеста, якія атрымліваліся ў Мар’яны Вацлаваўны. Дапамагчы гатаваць запрашалі яе часта вяскоўцы і на жалобны стол.
У дадатак да ўсіх гэтых здольнасцей, ёсць у жанчыны і яшчэ адно захапленне – вязанне кручком. З-пад яе рук выходзяць цудоўныя сурвэткі, абрусы, пакрывалы з рознымі ўзорамі. Ніводная рэч не падобна адна на адну. У асноўным вязала іх для ўласных патрэб, дзяцей, шмат дарыла знаёмым, сябрам. Адметнымі пакрываламі ўпрыгожана і сёння хата, дзе жыве.
— Шкада толькі, жыццё праходзіць, а здаецца, што і не жыла, — з жалем гаворыць Мар’яна Вацлаваўна на развітанне. А мне падумалася, як жа не жыла, калі столькіх дзяцей паставіла на ногі, дачакалася шмат унукаў.
Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.